17-07, 10:24

Левінава затрымалі на час фестываля

Пад час узмацнення мераў бяспекі на “Славянскім базары ў Віцебску” супрацоўнікі Першамайскага РАУС усё ж такі знайшлі рэзэрвы, каб затрымаць вядомага праваабаронцу Паўла Левінава.

Прадстаўнік БХК ў Віцебску запісаўся на прыём да пракурора вобласці Генадзя Дыско, каб абскардзіць прысуд на 10 сутак арышту, якім яго пакаралі па абвінавачванню з боку міліцыянтаў у дробным хуліганстве. Рашэнне суду выносілася ў адсутнасць Паўла Левінава, ягоных прадстаўнікоў і адваката. Падобнае рашэнне ня можа лічыцца законным, гаворыць вядомы праваабаронца Валеры Шчукін, які пайшоў разам з Левінавым у якасці прадстаўніка:

Прасцей сказаць, што там не парушылі, чым парушылі. Там было парушанае ўсё. Працэсуальныя парушэнні – гэта першая падстава.

Асабліва ня верыў у тое, што даб’ецца праўды, і сам Левінаў, які перад дзвярыма пракуратуры у размове з журналістам заўважыў:

– Амаль ня веру, але спадзяюся, што пракурор вобласці ў стане разабрацца па тым недапушчальным парушэнням і прыняць адпаведныя заканадаўству рашэнні па справе аб прыцягненні мяне да адміністратыўнай адказнасці.

Але Дыско ўважліва выслухаў праваабаронцу і сказаў, што перадасць справу на правядзенне дагляду пракурору Першамайскага раёна. Калі Левінаў разам са сваім прадстаўніком, маці і сябрамі выходзіў з будынка абласной пракуратуры, да яго з розных бакоў кінулася каля дзясятка міліцыянтаў ў форме і цывільным. Камандаваў супрацоўнікамі міліцыі намеснік кіраўніка Першамайскага РАУС падпалкоўнік Дзмітрэнка, а аперацыяй па затрыманню – прадстаўнік УУС аблвыканкама лейтэнант Пятроўскі, які жорстка схапіў і жорстка адштурхнуў 70-цігадовую маці Паўла. У той ад гэтай сутычкі засталіся сінякі і драпіны. Агулам накінуліся на Левінава. За таго ўступіўся Шчукін. У выніку затрыманне не адбылося, бо Левінаў разам з усімі здолеў вярнуцца ў будынак пракуратуры. Тады на дапамогу былі выкліканыя спецназаўцы, якія ўварваліся туды праз “чорны ход”. "Наглядальнікі за законам" на гэткія дзеянні аніяк не адрэагавалі. Засталося таямніцай і тое, як здагадаліся міліцыянты, што праваабаронца Павал Левінаў менавіта ў аўторак а 17-ай будзе на прыёме ў галоўнага пракурора вобласці. Хаця сам Павал амаль ня меў сумненняў, што менавіта так і адбудзецца, і загадзя падрыхтаваўся: узяў з сабой неабходныя для працы паперы і рэчы.

Пра гэта ён сказаў таксама:

- Я іду на прыём, калі можна так сказаць, з рэчамі. Я не выключаю гэткай магчымасці, але калі пракурорам будзе прынятае гэткае рашэнне, то я аб’яўлю галадоўку.

З пракуратуры Левінава завезлі ў Першамайскі РАУС, дзе правялі вобшук і склалі пратакол выняцця. У пастарунку яму стала дрэнна, і сябры вылікалі “хуткую дапамогу”. Калі больш чым праз гадзіну спазніўшаяся брыгада з экскортам міліцыянтаў прывезла Паўла ў 2-ю клінічную больніцу, дзяжурны ўрач Валянціна Камоска пасля нейкага тэлефоннага званка адмовілася аказваць хвораму дапамогу. І толькі калі ён страціў прытомнасць і абрынуўся на падлогу, медыкі зрабілі яму ўколы і адвезлі ў палату рэанімацыі.
Ранкам супрацоўнікі Першамайскага РАУС, якія ўсю ноч сядзелі ў палаце рэанімацыі, забралі хворага чалавека проста ў бальнічнай вопратцы і павезлі ў пастарунак. Адтуль пасля шматчасовага разбіральніцтва па ягонаму патрабаванню яго адвезлі на медыцынскую экпертызу для таго, каб зафіксаваць траўмы, якія ён атрымаў пад час затрымання, а потым мяркавалі накіраваць у ІЧУ.
 Але затрыманаму зноўку стала дрэнна, і яго завезлі ў тую ж 2-ю гарадскую больніцу, дзе яму зноўку адмовіліся дапамагчы. Замест гэтага выклікалі псіхіатра, які прапанаваў два варыянты: ці Левінаў едзе ў ІЧУ, ці міліцыянты павязуць яго ў псіхбольніцу.  Прыкладна а 18-ай Павла Левінава даставілі ў ІЧУ.

Вадзімір Жукоўскі, Радыё Рацыя, Віцебск.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя