17-07, 14:01

Лідэры АДС просяць аб сустрэчы з Генпракурорам Васілевічам

17 ліпеня лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў перадалі ў пракуратуру ліст з прапановай сустрэцца з Генеральным пракурорам Рыгорам Васілевічам. Тэмай магчымых перамоваў павінна стаць абмеркаванне сітуацыі, якая склалася ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі.

 

 Падставай дзеля звароту лідэраў АДС у пракуратуру стаў масавы ціск на актывістаў дэмакратычнага руху. Асабліва палітычныя рэпрэсіі ўзмацніліся пасля выбуху у ноч на 4 ліпеня ў Мінску. Кожны дзень праваабаронцы і прэс-службы партыяў распаўсюджваюць новыя звесткі пра затрыманых апазіцыянераў. Лічба ідзе ўжо на дзесяткі чалавек. Акрамя таго, кандыдытаў у дэпутаты ад спісу АДС звальняюць з працы, выклікаюць у падатковыя інспекцыі, гаворыць старшыня Прэзідыума АДС Сяргей Калякін:

 

- Тое, што зараз адбываецца ў краіне, выходзіць за межы прававой прасторы і дэманструе, што асобныя дзяржаўныя структуры, асобныя чыноўнік і асобныя сілавыя ведамствы выйшлі за межы прававога поля і праводзяць жорскі прэсінг, а калі казаць больш жорстка – рэпрэсіі ў адносінах да дэмакратычных актывстаў, у тым ліку і тых, хто з’яўляецца ўдзельнікам выбарчага працэсу. Дзеля таго, каб вярнуцца ў прававое поле і прававымі метадамі спыніць гэтую па-за законную дзейнасць, мы вырашылі звярнуцца да Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча.

 

Заяву апазіцыянераў спачатку проста не хацелі прымаць, потым, разабраўшыся, прапанавалі зарэгістраваць яе ў канцэлярыі на агульных падставах. Толькі пасля таго, як Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Ігар Рынкевіч і Анатоль Лябедзька патлумачылі дзяжурнаму, што з’яўляюцца афіцыйнымі асобамі, да іх выйшаў намеснік кіраўніка адзела па працы са зваротамі грамадзянаў Міхаіл Вавула. Ён паведаміў, што перадасць Рыгору Васілевічу іх ліст. Праўда, пры гэтым чыноўнік нічога канкрэтнага палітыкам не паабяцаў. Згодна з закандаўствам, паведамленне пра рашэнне Генеральнага пракурора павінна быць дасланае не пазней чым праз пяць дзён. За гэты час ў СІЗА па падазрэнні ў датычнасці да выбуху могуць паспець патрапіць яшчэ не адзін дзесятак актывістаў АДС.

 

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя