Старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолю Лябедзьку вынесена адміністрацыйнае папярэджанне за парушэнне пагранічнага рэжыму. Як паведаміў палітык у інтэрв'ю, ён быў затрыманы 18 ліпеня каля 14 гадзін у Ашмянах (Гродзенская вобласць), дзе планаваў сустрэцца сёння з кандыдатам ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) на ўдзел у парламенцкіх выбарах.
Супрацоўнікі Ашмянскага РАУС патлумачылі Лябедзьку, што затрыманне праведзена ў сувязі з паведамленнем грамадзянкі Ашмян аб невядомых людзях, якія хадзілі па пад'ездах дамоў. "Як потым высветлілася, званок паступіў ад работніцы Ашмянскага выканкама. Такім чынам яна адрэагавала на з'яўленне ў паштовых скрынях пасланняў кандыдатаў ад АДС да выбаршчыкаў", — зазначыў А.Лябедзька.
Палітык таксама паведаміў, што на працягу трох гадзін яго трымалі ў Ашмянскім РАУС, а потым перавялі ў спецкамендатуру пагранічных войскаў. Там на Лябедзьку быў складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 23.30 за парушэнне пагранічнага рэжыму. "У выніку начальнік Ашмянскага пагранатрада вынес мне папярэджанне і абавязаў да 23.00 пакінуць пагранічную зону", — сказаў лідэр АГП.
Ён таксама паведаміў, што аналагічнае папярэджанне вынесена прадстаўніку маладзёжнай арганізацыі АГП Мікалаю Сергіенку. Акрамя таго, тлумачэнні былі ўзяты ў кандыдата ад АДС на ўдзел у выбарах Івана Крука і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Мікалая Уласевіча, паведамляе БелаПАН.







Каментары