Партыя БНФ не будзе прымаць рашэння пра спыненне свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі да пазачарговага з’езду, які павінен адбыцца 10 жніўня. Такая пазіцыя была ўхваленая кіраўніцтвам партыі падчас нарады, якая адбылася 19 ліпеня ў Мінску.
Пытанне ўдзелу ў парламенцкіх выбарах было галоўным падчас нарады кіраўніцтва Партыі БНФ, якая адбылся 19 ліпеня ў Мінску. Паводле старшыні партыі Лявона Баршчэўскага, зараз ў партыйных шэрагах няма адзінага падыходу да гэтага пытання:
- Адны сябры партыі прапануюць ужо зараз спыніць удзел у кампаніі ў сувязі з масавымі палітычнымі рэпрэсіямі і затрманнямі актывістаў, іншыя прапануюць ісці да канца, - сказаў падчас нарады Лявон Баршчэўскі.
Таму кіраўніцтва Партыі БНФ прапанавала прамежкавае рашэнне: пакінуць гэтае пытанне на разгляд пазачарговага з’езду, які павінен адбыцца 10 жніўня. Пры гэтым, як падкрэсліў спадар Баршчэўскі, партыя будзе весці палітычныя кансультацыі з партнёрамі па Аб’яднаных дэмакратычных сілах, каб яе рашэнне стасоўвалася з агульным падыходам кааліцыі.
Падчас нарады разглядлася таксама пытанне міжнароднага кантэксту на тле якога адбываюцца парламенцкія выбары. Паводле першага намесніка старшыні партыі Вінцука Вячоркі, “некаторыя замежныя палітыкі” пачалі гандль з Лукашэнкам напярэдадні “вялікай прыватызацыі”, якую зараз рыхтуюць улады. Яны гатовыя змягчыць адносіны з афіцыйным Мінскам у адказ на магчымасць паўдзельнічаць у прыватызацыі беларускай маёмасці. Таму Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы павінны супольна выступіць супраць таго, каб лёс краіны вырашаўся кулуарна, без уліку меркаванняў дэмакратычнай супольнасці, падкрэсліў Вінцук Вячорка.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.






