21-07, 12:45

Пасля 10-сутачнага арышту выйшаў на волю актывіст АГП Кірыл Паўлоўскі

21 ліпеня выйшаў на волю актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра “Маладых дэмакратаў” Кірыл Паўлоўскі. Ён адсядзеў 10 сутак у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, быццам бы, за дробнае хуліганства. Віна маладога чалавека палягала ў тым, што ён прышоў 11 ліпеня да будынка КДБ, каб падтрымаць сваіх сяброў, якіх улады падазравалі ў датычасці да выбуха 4 ліпеня ў Мінску.

Кірыл Паўлоўскі быў затрыманы міліцыянерамі раніцай 11 ліпеня, калі разам з “Маладымі дэмакратамі” прыйшоў да будынка КДБ, каб выказаць сваё незадавальненне арыштамі дэмакратычных актывістаў па падазрэнні ў датычнасці да выбуха 4 ліпеня ў Мінску. Разам з Кірылам Паўлоўскім міліцыянеры затрымалі яшчэ двух сябраў арганізацыі – Міхаіла Пашкевіча і Віталя Стажарава. Усіх трох актывістаў міліцыянеры абвінавацілі ў брудай лаянцы ў грамадскім месцы, за што суддзя Цэнтральнага раёну сталіцы асудзіла Кірыла Паўлоўскага да 10 сутак адміністратыўнага арышту, а Міхаіла Пашкевіча і Віталя Стажарава - да 15.

Сёння да будынку спецпрыёмніка-размеркавальніка на вуліцу Акрэсціна прыйшлі каля дзесятку паплечікаў Кірыла Паўлоўскага на чале са старшынём Аб’днанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.

Паводле Кірыла Паўлоўскага, сядзелі хлопцы ўсе разам у адной камеры, ставіліся да іх міліцыянеры нармальна, як да “сапраўдных палітычных”:

- Мы сядзелі усе разам. Спачатку ў 14-й камеры, потым нас перавялі ў 18-ю. Ставіліся да нас, як да палітычных. Нічога кепскага нам ахоўнікі не рабілі. 

Аднак гігіенічныя умовы ў спецпрыёмніку-размеркавальніку назваць нармальнымі нельга, кажа Кірыл Паўлоўскі:

- Канешне, гэта непрыемна, калі цябе асуджаюць ні за што, і прымушаюць правесьці 240 гадзінаў у грамадскай прыбіральні.
 
Астатнія “Маладыя дэмакраты” – Міхаіл Пашкевіч і Віталь Стажараў выйдуць на волю раніцай 26 ліпеня.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя