22-07, 13:25

Каліта ідзе ў войска

Некалькі гадзінаў застаецца старшыні Моладзі БНФ Алесю Каліце, каб развітацца з сваімі роднымі ды сябрамі.

У сераду зранку ён выпраўляецца ў Фаніпаль, што пад Мінскам.  Паўтары гады замест дзелавога гарнітуру ён будзе апранаць вайсковую форму. Палітык пэўны, што невыпадкова яго забіраюць ў войска напярэдадні парламенцкіх выбараў і кажа пра парушэнні усялікіх медыцынскіх і грамадзянскіх працэдараў.

Тым не менш Айчыне служыць Алесь ідзе з аптымістычным настроем. Ён ужо вызначыў, чым будзе займацца ў частцы, акром свайго вайсковага абавязку.

- Як юрыст па адукацыі адной з сваіх задачаў стаўлю правядзенне экспертызы адпаведнасці вайсковых дакументаў тым міжнародным прававым актам, якія ратыфікавала Беларусь. Гэта, напрыклад, пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама, як Зміцер Жалазнічэнка і Зміцер Бяляеў, буду рабіць усё магчымае, каб загады ў войску аддаваліся па-беларуску.  

Але не з нагоды ўласна свайго прызыву вырашыў выступіць перад журналістамі Алесь Каліта. Рада моладзі БНФ разглядае прызыў ў войска свайго старшыню, а таксама яшчэ трох сваіх актывістаў падзеямі з аднаго шэрагу з затрыманнямі, вербаваннямі ды іншымі сродкамі ўціску з боку ўладаў напярэдадні выбарчай кампанні. 

Франак Вячорка прадстаўляючы заяву рады моладзі БНФ зазначыў, што ціск гэты ў апошнія месяцы ўзмацніўся да неверагоднай ступені.

- У гэтым годзе з дзесятак чалавек былі асуджаныя нібы за нецэнзурную лаянку, неаднарозова сябраў моладзі БНФ намагаліся верабаваць супрацоўнікі КДБ, шэраг актывістаў выключылі з навучальных устаноў…

Уласна вясенне-летні прызыў у войска шэрагу сябраў Моладзі БНФ Франак Вячорка назваў гвалтоўным.

- Чаму гвалтоўны? Бо прадстаўнікі ваенных камісарыятаў не зважаюць на стан здароўя прызаўнікоў, часцяком удзельнічаюць у фальсіфікацыі медыцынскіх дакументаў. З гэтым сутыкнуўся я асабіста, Антон Каліноўскі, Алесь Каліта. У Алеся была адтэрміноўка, але гэтую адтэрміноўку ў тэрміновым парадку скасавалі і зараз ён ідзе ў войска.

З нагоды масавага прызыву ў войска сваіх актывістаў сябры Рады Моладзі БНФ поўжартам кажуць, што па хуткім часе яны могуць стварыць сваё вайсковае падраздзяленне. Тым часам, вызначана дата з’езду Моладзі БНФ, на якім будзе абранае новае кіраўніцтва гэтай структуры. Ён адбудзецца 19 кастрычніка. Пакуль жа функцыі старшыні на сябе бярэ Ілля Богдан, які зусім нядаўна быў вызвалены з-пад варты па справе выбуху 4 ліпеня.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя