Увечары 21 студзеня у штаб-кватэры “Маладога Фронту” праходзіла шэраговае паседжанне арганізацыі. Сяброўка МФ Наста Палажнака распавядае, што неўзабае пасля сканчэння сходу ў дзверы пачалі грукацца міліцыянты.
- Паколькі дзверы ў нас дастаткова моцныя, яны не маглі іх адчыніць без дадатковых прыладаў і тэхнічных сродкаў. Таму яны проста званілі ў дзверы цягам гадзіны.
Праз нейкі час спробы міліцынтаў трапіць у кватэру “Маладога Фронту” скончыліся. Праз сваіх інфарматараў, якія знаходзіліся нездалёк штаб-кватэры, маладафронтаўцы даведаліся, што людзей у форме ля ўваходу ўжо мала. Тады было прынятае адчыніць дзверы ды выпусціць людзей, кажа Наста Палажанка.
- Людзі паспелі сыйсці, а ў гэты час з верхняга паверху ўварваліся міліцыянты, атрымалася невялікая бойка. Некаторым нашым сябрам удалося выбегчы. Засталася я і некаторыя паплечнікі. У гэты момант пачаўся вобшук, яны глядзелі нашыя рэчы, выносілі матэрыялы.
У выніку ў штаб-кватэры “Маладога Фронту” былі канфіскаваныя інфармацыйныя ўлёткі ды расцяжкі, якія накіраваныя на кампанію байкота парламенцкіх выбараў. Кампанія гэтая, дарэчы, стартавала сёння. Ці можна звязваць ператрус з пачаткам актывізацыяй байкотных акцый? Вось што мяркуе з гэтай нагоды старшыня “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч.
- Безумоўна, тут ёсць такі чыннік. Але да нас прыходзілі, калі мы гэтую кампанію яшчэ не праводзілі. Можна сказаць, што гэта звязана з актывізацыяй дзейнасці, паколькі байкот цяпер на першым плане.
Ператрусы на кватэрах “Маладога Фронту” ды затрыманні сябраў гэтай арганізацыі здараюцца даволі часта. Як толькі маладафронтаўцы не хаваюцца ад пільнага вока спецслужбаў, але месцы дыслакацыі апазіцыянераў чэкістам становіцца вядомае. Аднаго разу для правядзення сходу арганізацыі быў арэндаваны загарадны дом, але і туды прыехалі аўтазакі. У выніку тры кіраўнікі “Маладога Фронту” правялі колькі дзён у ізалятары КДБ. Калі маладафронтаўцы пачнуць рупіцца пра сваю бяспеку, пытаем мы Змітра Дашкевіча.
- Мы ўвесь час пра гэта думаем і калі аналізаваць нядаўнія падзеі, ператрусы і затрыманні, дык да “Маладога Фронту” дабраліся ў апошнюю чаргу. Канешне, некаторыя праблемы ёсць. Звязана гэта з тым, што мы адкрытая арганізацыя і дзейнічаем адкрыта. Мы адкрыта прапаведуем свае погляды, збіраем людзей і з імі размаўляем. У той жа момант магу пагадзіцца, што ёсць некаторыя недапрацоўкі. У каго іх не бывае? Мы працуем над тым, каб удасканальвацца.
Пытанне арганізацыі асабістай бяспекі апазіцыйных актывістаў застаецца адным з самых важных у дзейнасці дэмакратычных арганізацый. Але тэхнічныя сродкі ды збольшая зарганізаванасць дазваляюць пакуль выігрываць спаборніцтвы па канспірацыі спецслужбам.
Аляксей Мінчонак, Радыё Рацыя, Мінск




