Таццяна Севярынец з Віцебску – маці вядомага беларускага палітыка Паўла Севярынца – балатуецца ў парламент ад Беларускай Хрысціанскай дэмакратыі, якая увахозіць у Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы.
У склад яе ініцыятыўнай групы ўвайшлі 17 чалавек, усе яны актывісты БХД, якія дабравольна пагадзіліся збіраць подпісы ў яе падтрымку. Тым не менш, як толькі спісы групы патрапілі ў акруговую камісію, на ўсіх актывістаў пачаўся адміністратыўны прэсінг. У выніку чыноўнікі знайшлі слабое звенне, распавядае Таццяна Севярынец:
- Знайшлі ў інтэрнаце жанчыну, у якой двое непаўнагадовых дзетак. Яна нідзе не працуе. На яе націснулі. Сказалі, што будуць судзіць, што выганяць з інтэрнату, і яна ў прысутнасці члена камісіі падпісала заяву, што не састаіць у маёй ініцыятыўнай групе.
Таццяна Севярынец упэўненая, што менавіта гэтая заява стане падставаю дзеля адмовы ў рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы. Таму актывістка БХД ужо рыхтуе скаргу ў Цэнтрвыбаркам, а калі і там не знойдзе праўды, то збіраецца звярнуцца і ў Вярхоўны суд.
Дадам да гэтага, што паўгады таму Таццяну Севярынец – настаўніцу з больш чым 20-гадовым стажам фактычна звольнілі са школы, без тлумачэнняў адмоўшы ёй у працягненні тэрміну працоўнага кантракту.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.






