23-07, 18:10

Надзвычайныя меры бяспекі, падвышаная колькасць міліцыі ды перакрытыя вуліцы

Так Мінск сустракаў прэзідэнта баліварыянскай рэспублікі Венесуэла Уга Чавеса.

У Беларусь лацінаамерыканскі лідэр завітаў адразу пасля наведвання Расіі. На мінскай зямлі ён правёў усяго некалькі гадзінаў, але за гэты час паспеў сустрэцца і правесці перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, наведаць Нацыянальную бібліятэку Беларусі ды ўскласці кветкі да барыльефа Сымона Балівара, які нядаўна ўсталявалі ў адным з мінскіх сквераў.

Венесуэльскі прэзідэнт адразу па прылёце ў Мінск заявіў, што ў будучыні таваразварот паміж краінамі павінен павялічыцца ў два разы. Але нават такое падвышэнне не выведзе Венесуэлу ў лідэры статыстыкі беларускага замежнага гандлю. Па выніках 2007 года краіны нагандлявалі паміж сабой на 43,5 мілёны долараў. Для параўнання, лічба таваразварота Беларусі з Расіяй – 26 мільярдаў, а з Германіяй – амаль 3 мільярды долараў ЗША. Паводле палітолага Юрыя Шаўцова, галоўнае супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы адбываецца не ў гандлёвай, а ў інвестыцыйнай сферы.

- Калі Чавес пад павелічэннем таваразвароту меў на ўвазе павелічэнне інвестыцыйных праграмаў, то гэта файна. Калі ён казаў проста пра таваразварот, то гэта настолькі невялікія лічбы, што ён бы проста сюды не ляцеў. Сёння Чавес выдзяляе 500 мільярдаў на год на фінансаванне нашых праектаў у Венесуэле. Калі ён пачне выдзяляць па мільярду на год, гэта будзе вельмі добра для нас.

Беларусь ужо будуе ў Венесуэле свае прадпрыемствы. Вядзецца пра распрацоўку нафтавых радовішчаў ды зборку беларускіх аўтамабіляў у Баліварыянскай рэспубліцы. Сёння Уга Чавэс прапанаваў Аляксандру Лукашэнку новыя магчымасці, кажа Юры Шаўцоў.

- Гэта агучваў пасол Венесуэлы ў Беларусі некаторы час таму. Ён казаў, што Беларусі будзе прапанавана павялічыць здабычу нафты, а таксама пачаць здабычу газа ў Венесуэле.


Супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры – яшчэ адна верагодная тэма для перамоваў Лукашэнкі з сваім лацінаамерыканскім калегам. Перад тым, як завітаць у Мінск, Уга Чавес наведаў Расію і зрабіць прэзідэнту Мядзведзеву даволі сэнсацыйныя прапановы. Гутарка вялася пра размяшчэнне ў Венесуэле расійскіх васкоўцаў. Магчыма, Беларусь таксама будзе ўдзельнічаць у новым расійска-беларускім праекце.

Зрээшты, падрабязнай інфармацыі пра вынікі перамоў сам на сам і ў пашыраным складзе пад канец дня на стужках афіцыйных агенцыяй так і не з’явілася. Вядома толькі, што Уга Чавес сказаў Лукашэнку пра сваё жаданне праверыць выкананне двухбаковых праектаў ды дамоўленасцяў, што былі дасягнутыя раней.

Аляксей Мінчонак, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя