Ліберальныя дэмакраты адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў парламенцкіх выбарах.
24 ліпеня Ліберальна-дэмакратычная партыя адмовілася ад ўдзелу у выбарчай кампаніі. Гэта дзіўна хаця б таму, што яшчэ ў лютым на з’ездзе партыі ліберальныя дэмакраты вылучылі каля сотні патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. І ставілі мэту сур’ёзна пазмагацца за дэпутацкія мандаты.
Зразумелых тлумачэнняў сённяшняму байкоту выбараў ліберальныя дэмакраты не даюць. Паводле лідэра партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча, гэта было рашэнне кіруючых органаў партыі, якому мусяць падпарадкоўвацца ўсе, у тым і ліку і сам Гайдукевіч:
- Ёсць вялікая палітычная партыя, ёсць дзесяткі тысячаў людзей, ёсць меркаванне Вышэйшай Рады, Цэнтральнага камітэту партыі. Відавочна, што я ў стане выйграць выбары ў любой са 110 акругоў. Я лідэр партыі, аднак ёсць рашэнне, і я павінен яму падпарадкоўвацца. Я лічу, што гэта граматнае апраўданнае рашэнне. Сур’ёзная партыя – сур’ёзныя рашэнні.
Зараз, паводле Сяргея Гайдукевіча, ЛДП будзе канцэнтраваць свае высілкі на падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць “напрыканцы 2010 ці ў пачатку 2011 году”.
Нагадаю, што Сяргей Гайдукевіч ужо станавіўся кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2001 і 2006 гадоў. Аднак вялікай падтрымкі ў выбаршчыкаў не знаходзіў. Абодва разы лідэр ЛДП займаў трэцяе месца - пасля Лукашэнкі і адзінага кандыдата ад апазіцыі.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск






