У Мінску з візітам знаходзіцца дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных справаў Фінляндыі Аляксандр Стуб. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных справаў Сяргеям Мартынавым і прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Еўрапейскі госць лічыць, што настаў час перагарнуць старонку ў адносінах з Беларуссю і прызнаў пазітыўныя змены ў правядзенні беларускіх выбараў.
Свой аднадзённы візіт Аляксандр Стуб пачаў ад сустрэчы з шэфам знешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргеям Мартынавым. Старшыня АБСЕ выказаў намер каардынаваць палітыку ў адносінах да Беларусі ня толькі арганізацыі, якую ён прадстаўляе, але і Еўрасаюзу. Паводле словаў Аляксандра Стуба трэба імкнуцца інтэнсіфікаваць адносіны, бо Беларусь ёсць актыўным гульцом на міжнароднай арэне.
Падчас яго наступнай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, рэй ужо павёў беларускі кіраўнік: “Было дзіўна, што АБСЕ абвінаваціла нас, што нашы выбары не адпавядаюць стандартам АБСЕ. Дзякуй Богу сказалі, што яны прайшлі ў адпаведнасці з беларускай Канстытуцыяй... Адзіных стандартаў АБСЕ не існуе... У нас ёсць прэтэнзіі да АБСЕ. Прыярытэтнай задачай гэтай арганізацыі ёсць забеспячэнні бяспекі і супрацоніцтва ў Еўропе....” – выказваў незадаволенасць Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік сказаў, што “Беларусь адкрытая да супрацоўніцтва з еўрапейскімі структурамі. Але ўзамен просім паважаць наш суверэнітэт, традыцыі і не патрабаваць таго, чаго мы не можам зрабіць” (канец цытаты)
Але калі Аляксандр Стуб прызнаў пазытыўныя зьмены ў парламэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2008 годзе ў параўнанні з 2004-м, беларускі кіраўнік змяніў тон. “За сказанае вамі мы гатовыя прагаласаваць, каб вы былі пажыццёвым старшынём АБСЕ” – сказаў Лукашэнка.
На вечар у старшыні АБСЕ былі яшчэ запланаваныя сустрэччы з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Але пэўнае падсумаванне свайго візіту ён зрабіў наступнымі словамі: “Пара перагарнуць старонку ў адносінах паміж Еўропай і Беларуссю. Мы адчуваем, што пасля крызісу ў Грузіі баланс зрушыўся на Ўсход. Унутры Еўрасаюзу правільныя настроі, і мы бачым, што Беларусь рухаецца ў правільным кірунку”.
Радыё Рацыя папрасіла пракаментаваць візіт Аляксандра Стуба лідэра апазіцыйнай Партыі камуністаў Сяргея Калякіна:
“АБСЕ супрацоўнічае з Беларуссю ў поўным маштабе. Гэта ж не структура Еўрасаюза. Здача АБСЕ – бяспека і супрацоўніцтва ў Еўропе. Мне не зразумела чаму наша знешнепалітычнае ведамства і Аляксандр Лукашэнка так крыўдавалі на АБСЕ. Сённяшні візіт, я не лічу эпахальнай падзеяй”.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч ў гэты час накіроўваўся ў Брусель, дзе Еўрапарламент павінен прыняць адмысловую рэзалюцыю па Беларусі. Вось яго меркаванне:
“Я думаю, што ацэнка была дадзеная і яе ўсе чыталі. Гэта ацэнка збольшага негатыўная, выбары не прызнаныя і слушна зроблена. Можна выдатна рабіць усё, а потым не лічыць галася, што і было зроблена. Заўтра адбудзецца разгляд у Еўрапарламенце і ацэнка будзе такая, што былі пазытыўныя моманты, але выбары не могуць быць прызнаныя. Але еўрапейскія структуры трымаюцца думкі, што дыялог трэба працягваць”.
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што на цяперашнім этапе для Еўропы больш важныя геапалітычныя інтарэсы чым строгае трыманне дэмакратычных нормаў у адносінах з афіцыйным Мінскам:
“Думаю гэты візіт звязаны з тым, што Еўропа імкнецца змяніць характар дачыненняў з беларускай уладай. За апошнія месяцы ўзяты больш прагматычны кірунак. На першы план вылучаныя геапалітычныя інтарэсы Еўропы. І гэта фактычна гаворыцца адкрытым тэкстам”.
На думку Аляксандра Класкоўскага, пытанне пра тое, хто выйдзе пераможцам у гэтай геапалітычнай гульні, застаецца падвешаным у паветры.
Альгерд Невяроўскі, Радыё Рацыя, Беласток






