Пра беларусаў Амерыкі беларусы з Беларусі ведаюць мала. Але тамтэйшыя нашыя суайчыннікі намагаюцца адыгрываць значную ролю ў жыцці сваёй Бацькаўшчыны. Пра дзейнасць беларусаў у Вашынгтоне, пра іх кантакты з мясцовымі уладамі ды роднай амбасадай, пра адносіны з Радзімай Рацыя паразмаўляла з амерыканскай грамадзянкай беларускага паходжання Алесяй Кіпель.

Алеся Кіпель нарадзілася ў Злучаных Штатах. Але беларускую мову ведае не горш за ангельскую. Яна – дачка Вітаўта Кіпеля, вядомага грамадскага дзеяча, які з 1955 году жыве ў ЗША. Алеся Кіпель - адна з самых актыўных прадстаўнікоў амерыканскай беларускай дыяспары. Працуе ў буйной юрыдычнай кампаніі Steptoe & Johnson, нават валодае часткай акцый гэтай фірмы. Спадарыня Кіпель упэўненая, што поспех беларускіх справаў у Амерыцы найперш залежыць ад актыўнасці дыяспары:
- Тут, у Вашынгтоне, вельмі важна мець сувязі з уладай. Ёсць Дзярждэпартамент, ёсць Кангрэс. Нам патрэбна, каб улада не забывалася пра Беларусь, каб ведала, што там робіцца. Таксама трэба, каб з амерыканскага боку была фінансавая ці маральная дапамога. Вельмі важна сустракацца з адказнымі людзьмі. Сустрэчы важныя на ўсіх узроўнях. Можна сустрэцца з дзяржаўным сакратаром, магчыма, ад гэтага будзе вынік. Але важна таксама мець рэгулярныя кантакты з супрацоўнікамі ніжэйшага ўзроўню ў Дзярждэпартаменце ці ў Кангрэсе. Бо шмат што робяць гэтыя людзі. Да прыкладу, у Дзярэдэпе ёсць так званы Belarus desk officer. Мы рэгулярна сустракаемся з гэтым супрацоўнікам і яго падначаленымі і начальнікамі. Такія сустрэчы адбываюцца раз на два-тры месяцы. Мы распавядаем пра тыя праблемы, што ёсць у Беларусі, што, як мы думаем, трэба зрабіць. Мы маем кантакты на Радзіме і кажа, якую рэакцыю выклікаў той ці іншы крок ЗША. І яны да нас прыслухоўваюцца, каб разумець, што робіцца ў Беларусі.
Спадарыня Кіпель кажа, што ў кантактах амерыканскага ўраду з дыяспарай зацікаўленасць ёсць у абодвух бакоў. Найперш чыноўнікаў цікавяць кантакты ў Беларусі. Істотна таксама ацэнка тутэйшых беларусаў ды крокаў, якія робіць амерыканская Адміністрацыя ў дачыненні да нашай краіны. Але ці ёсць плён ад гэтых сустрэчаў? Ці атрымліваецца нешта на практыцы пасля размоваў у высокіх кабінетах?
- Думаю, што нешта атрымліваецца. Ім важна, што думаюць беларускія амерыканцы, а таксама ведаць тыя думкі, што ёсць у Беларусі. У нас ёсць наўпроставыя кантакты з людзьмі, і не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. У Дзярждэпартамента такіх кантактаў няма. Канешне, ёсць амбасада, але гэта не той узровень.
Кантактуюць амерыканскія беларусы не толькі з Дзяржаўным дэпартаментам, але і з сенатарамі. Аднойчы нават здарыўся адзін кур’ёзны выпадак. Кангрэсмена Макартэра аштрафавалі пасля ўдзелу ў пікеце ля беларускай амбасады. За што аштрафавалі?
- 16-га чысла кожнага месяца мы ладзім пікет ля беларускай амбасады. І адзін раз на гэты пікет прыйшоў кангрэсмен Макартэр. Ну, трохі пастаяў, сказаў колькі словаў. А апрануты быў у джынсы. Пасля пікету ён пайшоў у Кангрэс. А туды ў джынсах прыходзіць нельга. І, здаецца, яму далі за гэта штраф. Але тады была добрая рэклама для нас, бо ён патлумачыў калегам, чаму прыйшоў у джынсах у Кангрэс.
Але ці ёсць кантакты з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінску? Ці атрымліваецца размова з дыпламатамі беларускай амбасады?
- Зараз у амбасаду ходзім, калі нам патрэбная беларуская віза. Пасля таго, як распаўся Савецкі саюз, былі розныя прыёмы ў амбасадзе. І мы хадзілі туды. Ці то прыязджаў нейкі міністр з Беларусі, ці з нагоды 25 сакавіка. А цяпер няма ніякіх кантактаў. Мы туды не ходзім, бо погляды ў нас інакшыя зараз.
Атрымліваецца, афіцыйны Мінск і яго прадстаўнікоў у Вашынгтоне дзейнасць беларускай дыяспары цікавіць не дужа. Хіба адныя праблемы ад іх 16-га чысла кожнага месяца… А вось ці цікавіць простых беларусаў з Беларусі дзейнасць іх суайчыннікаў за акіянам?
- Канешне, некаторыя добра ведаюць пра нас. Але шмат хто не ведае, што існуе тут беларуская дыяспара. Ці то ў Вашынгтоне, ці то ў штаце Нью-Джэрсі, ці ў Нью-Йорку. Шкада. Бо калі людзі пачынаюць пра гэта ведаць, то яны думаць: ага, ёсць дыяспара, там гавораць па-беларуску, ёсць святы беларускія, якія мы святкуем, ёсць школкі, людзі вывучаюць танцы. Калі б людзі пра гэта ведалі, то, можа, іх погляды на беларускасць у Беларусі былі б іншыя. Думаю, беларусы не дастаткова цэняць беларускасць, беларускую мову і нашу гісторыю.
Захаванне беларускасці было справай гонару для тых людзей, якія пераехалі ў Амерыку ў паваенны час напачатку ці ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Дзякуючы такім людзям, як Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Барыс Кіт ды шмат каму яшчэ ў ЗША, працавалі беларускія школы, а родная мова не была выціснутая англійскай з ужывання ў дыяспары. І цяпер у Амерыку працягваюць ехаць нашыя суайчыннікі. Большасць з іх – моладзь, якая хоча атрымаць амерыканскую адукацыю ды дзякуючы гэтаму зарабляць прыстойныя грошы. Спадарыня Алеся Кіпель распавяла Рацыі пра стаўленне людзей з новай хвалі эміграцыі да беларускіх справаў:
- Для моладзі вельмі важныя прыклады. І калі яны бачаць такіх, як, напрыклад, мой бацька, тых, хто выехаў з Беларусі вельмі-вельмі рана, то яны бачаць, што тыя жывуць добра ў Амерыцы, мелі добрыя пасады ды працы. Але заўсёды ўсе ведалі, што гэтыя людзі – беларусы. Калі моладзь бачыць такіх людзей, то гэта для іх прыклад: можна быць і беларусам, і амерыканцам. Можна мець добрую кар’еру і ўсё роўна трымацца беларускасці. Але думаю, што многія маладыя гэтага не разумеюць. Можна трымацца свайго, мець сваю мову, свае звычкі, але таксама адаптавацца да новай культуры, мець прафесію і сям’ю. Ад беларускасці не трэба бегчы. Можна мець і гэта, і тое, і супольна гэта робіць жыццё цікавейшым.
Быць паспяховым у Амерыцы – не проста. Але гэта магчыма. І дзеля добрай кар’еры зусім не абавязкова выракацца сваёй нацыянальнасці. Такі прыклад дэманструе Алеся Кіпель – сучасная паспяховая і дзелавая жанчына, беларуска, народжаная ў ЗША, якая ніколі не забывалася на сваю Радзіму.
Аляксей МІНЧОНАК, Вашынгтон-Мінск




