Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) плануе ўнесці ва ўрад прапанову аб узмацненні ролі прафсаюзаў у прыватным сектары эканомікі. Пра гэта паведаміў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік 28 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, цяпер, згодна з беларускім заканадаўствам, прафсаюзы ўдзельнічаюць у пытаннях прыватызацыі, раздзяржаўлення і развіцця прыватнага сектара эканомікі. Але ФПБ, зазначыў Л.Козік, не часта карыстаецца такой магчымасцю.
Разам з тым, на думку лідэра арганізацыі, у сітуацыі, калі ствараецца прыватнае прадпрыемства, асабліва на базе выкупленай дзяржаўнай маёмасці, вельмі важна, каб у ім была створана прафсаюзная арганізацыя.
"На жаль, ёсць такія прыватныя прадпрыемствы, дзе кіраўнікі катэгарычна пярэчаць супраць стварэння прафсаюзаў, лічаць, што прафсаюзы будуць кантраляваць іх дзейнасць (гэта сапраўды так: мы будзем глядзець пытанні аховы працы, выканання заканадаўства аб працы), а ім такі кантроль не патрэбны", — зазначыў Л.Козік.
Пры гэтым, паводле яго слоў, работнікі прыватных прадпрыемстваў хочуць быць членамі прафсаюзаў і мець арганізацыю, якая б служыла для абароны іх правоў. Таму, як заявіў Л.Козік, у ФПБ лічаць, што рабоце па стварэнні прафсаюзаў у прыватным сектары эканомікі павінна надавацца максімум увагі.
Паводле слоў кіраўніка ФПБ, за апошнія паўтара года ў прыватным сектары эканомікі з'явілася каля 185 тыс. новых членаў прафсаюзаў. Са снежня 2004 года па верасень 2007 года галіновымі прафсаюзамі ФПБ створана 738 пярвічных прафсаюзных арганізацый у недзяржаўным сектары. //БелаПАН






