02-05, 13:46

Падарожжа па зоне. Частка трэцяя (фота)

Рацыя наведала Чарнобыльскую АЭС.

Той самы 4 блок

Мы пакінулі горад Чарнобыль і трапілі праз кантрольны пункт на тэрыторыю Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Усе блокі ўжо спынілі сваё функцыянаванне. Самы першы, які пачаў працу 30 год таму, быў закрыты пад ціскам краінаў “вялікай сямёркі” ў 1996 годзе. Другі рэактар ЧАЭС, пра гэта няшмат хто ведае, закрылі ў 91-м: тады там таксама здарылася аварыя, праўда не такога маштабу, як у 86-м, і радыяцыя на паверхню не выйшла. Пад’язджаем да трэцяга – ён эксплуатаваўся болей за ўсіх – да кастрычніка 2000 года. Самотна стаяць няскончаныя пяты і шосты блокі, пакінутыя нават краны. Калі б іх запусцілі, ЧАЭС стала б самай магутнай станцыяй у Еўропе. Але будаўніцтва закансервавалі.

Недабудаваныя блокі

Апавядае наш праваднік Сяргей:

- Пасля аварыі на чацвёртым блоку, з улікам таго, што пяты і шосты мусілі быць той жа канструкцыі, было прынятае рашэнне аб кансервацыі будаўніцтва. Не працягваць больш ніколі. Аб’ект быў закансерваваны.

Уздоўж дарогі праходзіць ахаладжальны канал – вада тут у любы час даволі цёплая, таму тут водзіцца рыба, пераважна самы. Штораніцы іх кормяць супрацоўнікі ЧАЭС. Хоць ужо сем год станцыя не прадукуе энергіі (парай і вадой гэтую тэрыторыю забяспечвае кацельная), людзі прыходзяць на працу сюды штодня.

- У дадзены момант на Чарнобыльскай АЭС працуе ля 3,5 тысячы чалавек. Гэта пастаянны персанал, які займаецца вывадам з эксплуатацыі, падтрыманнем бяспечных параметраў саміх блокаў.

Ля ўваходу ў ЧАЭС у 2006 годзе пабудаваны мемарыял. На Стэле – прозвішчы тых, хто загінуў у першыя дні аварыі, у асноўным пажарных, што тушылі агонь, і персаналу, які тут быў у першыя гадзіны аварыі. Тутсама скульптура Праметэя, што стаяла ў Прыпяці ля аднайменнага кінатэатра, яе перавезлі, каб зберагчы ад вандалаў. На франтоне будынка ЧАЭС – скульптура ружовага колера, што потым набыла зусім іншае значэнне - голуб міра, што трымае ў дзюбе мірны атам, адхіліўшы крыху назад галаву.

Непадалёк ад цэнтральнага ўваходу ў ЧАЭС нас сустракае Аляксандр Новікаў – намеснік тэхнічнага дырэктара па радыяцыйнай і ядзернай бяспецы Чарнобыльскай АЭС. Ён працуе тут больш за 20 год, у 86-м быў аператарам на станцыі. Аляксандр адразу кажа: “Катастрафічнага тут нічога няма, заўжды ёсць рызыка пры працы з радыяцыяй, але пры пераходзе дарогі таксама ёсць рызыка, што вас заб’е п’яны кіроўца”. Людзі тут прызвычаіліся да таго, што рызыкуюць штодня. Аляксандру Новікаву даводзілася чуць тысячы меркаванняў што да падзеяў 26 красавіка. Ён зазначае, што з кожным годам спекуляцый на гэтую тэму ўсё болей:

- Зараз адбываюцца спекуляцыі наконт таго, што трэба было людзей пасылаць у залю, засоўкі адкручваць – ваду падаваць. Ці трэба было скідваць з верталётаў пясок і свінец. А я кажу, што ў цішыні кабінетаў праз 20 год пасля аварыі пад каньячок і цыгарэткі проста разважаць. А тады нешта трэба было рабіць - і мы не можам асуджаць людзей ды іх учынкі. Яны зрабілі сваю справу - і зрабілі як мае быць з улікам тых абставінаў. Акрамя вялікай павагі і скрухі я нічога да іх не маю. Асабліва мне дарагі Лёня Таптуноў – інжынер кіравання рэактарам – чалавек, які націснуў кнопку - і на чацвертым блоку адбыўся выбух.

Сховішчы радыяцыйных адкідаў на тэрыторыі ЧАЭС амаль перапоўненыя. У дзесяці кіламетрах ад станцыі будуецца новы вялікі комплекс. Чацверты блок - крыху прысыпаны снегам – як на далоні. Афіцыйна ён называецца “аб’ект укрыцця”. Мы літаральна ў трохстах метрах ад атамнага рэактара – здымаць на фота і відэа яго забараняецца. Далей ісці нельга. Заходзім у аглядную залю.

Макет

Па ўсім пакоі, вокны якога глядзяць на саркафаг, размешчаны сцягі розных краін, якія ўкладаюць грошы на ўтрыманне “аб’екта ўкрыцця”. На дзіва, Беларусі сярод іх няма. Супрацоўніца аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва Юлія тлумачыць гэта:

- Беларусь не з’яўляецца краінай-донарам. Пэўна, што гэтае рашэнне было прынята з прычыны таго, што Беларусь лічыцца адной з самых пацярпелых краінаў. Магчыма так, гэта я выказваю такую думку.

Год таму тут былі скончаны працы, у якіх за ўвесь час пасля катастрофы ўзялі ўдзел 90.000 чалавек. У першыя дні змянялі адзін аднаго праз хвіліны. Першыя замеры на пляцоўцы – шакавалі ўсіх – 2.000 рэнтген на гадзіну – паўночная сцяна, а фундамент вентыляцыйнай трубы меў болей за 3.000 рэнтген на гадзіну. Пры норме 15-30 мікрарэнтген на гадзіну.

Тэрмін эксплуатацыі гэтых канструкцый – 15 год. За гэты час проста неабходна вырашыць пытанне новага ўкрыцця. На падтрыманне аб’екта – выдаткі каласальныя на сёння. Але галоўны кошт – зусім не мільёны долараў, а чалавечае здароўе. Юлія адказвае на пытанне, колькі часу павінна прайсці, каб сказаць, што Чарнобыль стаў бяспечным.

- Сотні, тысячы гадоў. Перыяды распаду радыенуклідаў – розныя. Напрыклад, паўраспад ёду-131 усяго толькі восем дзён. Але менавіта таму ў выніку ўздзеяння ёду насельніцтва Беларусі мае вялікія праблемы з шчытавіднай залозай. Перыяду распаду цэзія і стронцыя – 29-30 год, таму ў бліжэйшае дзесяццігоддзе менавіта гэтыя радыенукліды будуць уяўляць найбольшую небяспеку. А перыяд распаду амерыцыя – больш за 5.000 гадоў…

Ад ЧАЭС да Прыпяці – не болей пяці кіламетраў. Мы – на ўездзе ў адселены горад. Яшчэ нядаўна былі спадзевы яго вярнуць, але ад іх не засталося і следа. Як праходзіла эвакуацыя жыхароў Прыпяці, у якім стане цяпер горад-прывід і каго тут можна сустрэць сёння – пра гэта дазнаемся ў апошнім рэпартажы.
 

 

Сяргей БУДКІН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя