11-05, 15:42

Агнешка Рамашэўска: “Белсат” стане СNN. Але не сёння

На дэбатах, што прайшлі на сядзібе Партыі БНФ па пытанні “Які “Белсат” нам патрэбны?”, афіцыйныя прадстаўнікі ад тэлеканала не прысутнічалі, але, тым не менш, кіраўніцтва “Белсату” цікавілася мерапрыемствам і даволі добра ведае пра выказванні яго ўдзельнікаў.

Агнешка Рамашэўска, кіраўнічка “Белсату”, адмыслова для Рацыі падвяла вынікі працы тэлеканала за апошнія паўгода і выказала сваё меркаванне наконт дэбатаў, што прайшлі ў сядзібе БНФ.

- Што тычыцца дзейнасці нашых журналістаў на Беларусі, то я вельмі задаволеная тым, як вельмі добра людзі выконваюць сваю працу. Нават падзеі сакавіка не прыстрашылі свабодных журналістаў. І тыя людзі, якія супрацоўнічаюць з намі, - іх праца на вельмі высокім узроўні. Я баялася, што пасля 27 сакавіка будзе нашмат горш і складаней працаваць, але адзначу, што ўсё ў парадку. Але калі нехта жадае мець на Беларусі СNN без акрэдытацыі, без офісаў, без вялікай структуры, то ён, прашу прабачэння, летуценнік. Гэта абсалютна нерэальна. Можна мець тое, што дазваляюць магчымасці.

Пры гэтым вяртаюся да выказвання, што беларускае тэлебачанне павінны рабіць беларусы і што непасрэдна беларусы зараз працуюць нібыта гастрарбайтэры на “Белсаце”. Проста скажу, што гэтае выказванне - увогуле нейкая недарэчнасць. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Прабачце, хто робіць праграмы? Беларусы. А за адміністрацыйныя справы па гэты бок мяжы адказваюць палякі.

- Супрацоўнікі Радыё Рацыя супольнымі сіламі правялі збор сродкаў для таго, каб кампенсаваць хоць нейкім чынам урон пацярпелым ад сакавіцкіх ператрусаў калегам. Цяпер ужо травень на календары… Што рэальна было зроблена “Белсатам” для сваіх супрацоўнікаў?

- З самага пачатку гэтых падзеяў мы аказваем дапамогу тым, хто панёс асабістыя матэрыяльныя страты. Маю спадзевы, што ўсе атрымаюць кампенсацыю. Цяпер мы збіраем анкеты ад нашых супрацоўнікаў, у якіх пазначаецца, колькі яны страцілі. І, безумоўна, пазней усе атрымаюць кампенсацыі. І працаваць у гэтым “Белсат” будзе разам з польскай фундацыяй “Свабода і дэмакратыя”. У чацвер я правяла перамовы з дырэктарам гэтага фонду і, мяркую, магу гарантаваць, што ўсе, хто страцілі камп’ютэры альбо панеслі нейкія матэрыяльныя сродкі, звязаныя з працай для незалежных медый на Беларусі, атрымаюць адэкватную кампенсацыю.

І я хацела яшчэ адзначыць, што вельмі задаволеная тымі людзьмі, з якімі мы супрацоўнічаем. Я маю шматгадовы досвед працы на Польскім тэлебачанні, але да гэтага часу не мела магчымасці працаваць з такімі здольнымі людзьмі. Можа быць таму, што рэжым блакуе найбольш здольных людзей - і яны не маюць месца ў ягоных структурах. Але я сапраўды вельмі задаволена тымі, хто ў нас працуе. Гэта вельмі прыемна.

- Восенню гэтага году на Беларусі будуць парламенцкія выбары. Ці мяркуецца нейкая пераарыентацыя тэлеканала на больш палітычныя тэмы з гэтай нагоды?

- Так ці інакш, але мы будзем старацца ствараць тэлеканал, прысвечаны культуры, справам грамадскім, гісторыі і асвятляць рэчаіснасць. Безумоўна, што і падчас выбараў будзем значна большую ўвагу надаваць асвятленню палітычных аспектаў жыцця беларускага грамадства. Будзем таксама фіксаваць і адлюстроўваць усе парушэнні падчас кампаніі.

Увогуле адзначу, што ў медыях кожны хацеў бы бачыць нешта іншае, нешта, што найбольш яму пасавала б. Я ведаю пра крытыку, паводле якой на тэлеканале зашмат палітыкі, і што мы нібыта пераконваем і так ужо перакананых. Разам з гэтым, прыходзілася чуць і пра тое, што на “Белсаце” не хапае палітыкі. І ўвогуле чула пра тое, што мы нібыта прымітыўныя ці занадта аддаленыя ад тэлегледача. Канешне, усё гэта ўлічваецца - і мы стараемся адпавядаць розным густам. Але, пры гэтым, няма аднолькавых людзей, густаў, цяжка ўсім дагадзіць...

- Хваравітае пытанне пра канцэпцыю і акрэдытацыю...

- Канцэпцыя залежыць цалкам ад нас. А вось акрэдытацыя - ад беларускіх уладаў. Гэта цалкам іх воля, і я не ведаю, як тут будзе… Канешне, што ад нас залежыць, будзем рабіць максімальна.

Канцэпцыя цалам залежыць ад сродкаў. Шчыра кажучы, мы зараз не маем досыць сродкаў. Тэлевізія - вельмі дарагая рэч. Мы вяшчаем штотыдзень 21 гадзіну. І скажу, што гэта каштуе вельмі дорага. Адзначу наступным чынам: можна мець вельмі добрую канцэпцыю, але неабходна мець і сродкі на рэалізацыю задумак. І тое, што мы на сённяшні дзень маем, будзем рэалізоўваць з максімальнай аддачай. Не будзем адкідваць і сітуацыю на Беларусі. І стараемся гэта рабіць.

- Адным з момантаў крытыкі тэлеканала “Белсат” цягам яго існавання з'яўляецца вяшчанне канала са спадарожніка “Астра”. Калі ж, нарэшце, будзе і “Сірыус”?

- Ад студзеня праводзяцца перамовы тэлеканала наконт спадарожніка “Сірыус”. І на мінулым тыдні мы атрымалі станоўчыя адказы ад гэтай фірмы. Я упэўненая, што ўжо ў траўні ўмова будзе падпісаная. Але, так ці інакш, спадарожнікавае вяшчанне мае сваё абмежаванне - нават калі мы будзем на ўсіх антэнах з усіх спадарожнікаў. Але спадзяюся, што цягам часу тэлеканал стане сапраўды больш даступным.

Сяргей СКУЛАВЕЦ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя