Палітыкі разважаюць аб школьнай рэформе.
Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, былы завуч сярэдняй школы:
- Мяне больш за ўсё турбуе, што чарговае рэфармаванне скіраванае не на падвышэнне нашай адукацыі, не на стварэнне новых мажлівасцяў інтэлектуальнага развіцця асобы, а на зніжэнне той планкі адукацыі, якая была раней, нават яшчэ за савецкім часам.
Самае галоўнае ў вяртанні да 11-годкі – прывязка не да самога навучальнага працэсу, а да новай стратэгіі дзяржаўнага кіраўніцтва. Дзяржава зараз скіраваная не на падрыхтоўку інтэлектуальна развітай асобы з вышэйшай адукацыяй, а на падрыхтоўку сярэдняга спецыяліста, сантэхніка ці электрыка, які ўмее нешта рабіць, але асабліва нічым не цікавіцца.
Анатоль Паўлаў, сябра АГП, былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта:
- Я заўсёды быў супраць 12-годкі, бо пры такой сістэме ў 12-м класе 18-гадовыя дзяўчаты ўжо могуць сядзець на ўроках цяжарнымі, а хлопцы адразу са школы – ў армію. І пры паступленні ў ВНУ быў шанс, калі не прайшоў, спрабаваць на наступны год, а так куды адкладваць.
Другая справа, як у нас робіцца гэта рэформа, калі спачатку адно вырашылі, а пасля другое надумаліся. Перш чым рэфармаваць, трэба ўзважыць усе “за” і “супраць”, абмеркаваць з педагагічнай грамадскасцю. А ў нас робіцца згодна з прынцыпам “Мы абмеркавалі і я вырашыў”. Ад такіх рэформаў нічога добрага не бывае.
Уладзімір Колас, сябра Нацыянальнага камітэта АДС, дырэктар забароненага дзяржавай Гуманітарнага ліцэя імя Я.Коласа:
- Гэта не рэформа, а канфуз, прафанацыя, сведчанне ўзроўню тых, хто ёю займаецца. Я ўяўляю, як чырванеюць прафесіяналы, якія яшчэ засталіся працаваць у Міністэрстве адукацыі. Мне іх проста шкада, як і шкада ўсіх супрацоўнікаў адукацыі, не кажучы пра вучняў ды іх бацькоў.
Вінцук Вячорка, Першы намеснік старшыні Партыі БНФ, выкладчык Гуманітарнага ліцэя імя Я.Коласа:
- Не мае сэнсу мітусня, у якой пачынае біцца тая ці іншая сфера дзяржаўнага кіравання толькі таму, што на яе звярнуў увагу правадыр. Цяпер ён звярнуў увагу на школьную адукацыю, палічыўшы сябе вялікім знаўцам у адукацыйнай сферы. І тое, што адбываецца са школьнай рэформай, проста жахліва, калі спрабуюць ліхаманкава, ледзь закончыўшы гэты навучальны год, у наступным укараніць новыя патрабаванні. Трэба было пачакаць, пакуль адбудзецца хоць адзін выпуск 12-годкі і ўзважыць, што атрымалася кепска, а што добра.
Цяперашняе вяртанне да 11-годкі ў плане адукацыйным будзе горшым. Акрамя самадурства тут ёсць абсалютна банальная матэрыяльная праблема, якую дзяржава мае намер вырашыць коштам мінімалізацыі сацыяльных гарантыяў і сістэмы адукацыі.
Адбудзецца скарачэнне гадзінаў, асабліва па гуманітарных прадметах, аптымізацыя сеткі школаў, мы страцім частку гімназіяў і ліцэяў, настаўнікаў чакаюць паніжэнні заробкаў і масавыя скарачэнні. Рэжыму больш патрэбныя не адукаваныя людзі з высокім інтэлектуальным узроўнем і прафесійнымі амбіцыямі, а тупыя выканаўцы дзяржаўных патрабаванняў. //Інфармацыйны цэнтр АДС






