10-07, 10:00

Белсат на Сірыюсе. Што змянілася?

Увечары 8-га ліпеня тэлеканал “Белсат”, перадачы якога транслююцца на Беларусь з Польшчы, пачаў вяшчанне праз спадарожнік Sirius-4. З гэтай нагоды на пытанні нашага радыё адказаў кіраўнік службы інфармацыі тэлебачання Белсат Аляксей Дзікавіцкі.

Цяпер Белсат будзе яўляцца штодзень на гэтым спадарожніку?

-Так, бо была такая задумка ад самага пачатку, каб Беллсат быў на Сірыюсе, бо гэта адзін з найбольш папулярных у Беларусі спадарожнікаў. Мы дагэтуль былі на спадарожніку Астра, які найбольш распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе і там шмат беларусаў глядзяць Белсат менавіта праз гэтыя спадарожнікі. Разам з пераходам на Сірыюс, мы таксама застаемся яшчэ і на Астры, такім чынам наша аўдыторыя павялічваецца аўтаматычна.

Тэставае вяшчаньне – гэта поўныя шэсьць гадзін, як і праз Астру?

-Так. З таго, што я ведаю, так сама як і на Астры, афіцыйна будзе абвешчана пра тое, што, мы ў поўным памеры без усялякіх тэхнічных перабояў будзем трансляваць Белсат ад 14 ліпеня, каб ужо перад фестывалем Басовішча увайсьці на Сірыюс, і перадаваць фестывальныя канцэрты ўжо менавіта праз гэтую спадарожнікавую сістэму нажыва.

Днямі таксама змяніўся фармат навінаў, “Аб’ектыву”.

- Ад першага ліпеня нашыя навіны выходзяць са студыі. Мы адпачатку хацелі, каб гэта былі паўнавартасныя навіны, якія робяцца н а студыі. Дагэтуль мы выходзілі у “еўраньюсаўскім”фармаце, калі ідзе карціна, а закадравы тэкст чытае адна асоба. Дарэчы, што цікава,  некаторыя гледачы дасылаюць нам лісты з просьбай застацца ў такім фармаце, маўляў гэта найбольш сучасны еўрапейскі фармат, але мы вырашылі, што навіны ў студыі – гэта найбольш прывычная, найбольш зразумелая для гледача, найбольш прывбны фармат. Цяпер нашыя навіны падоўжыліся, мы робім, прынамсі, дзесяць хвілінаў навін у студыі ў жывым эфіры.

Ці ёсць яшчэ якія планы, у сэнсе, змены ў сетцы вяшчання?

- Я думаю, што  з пераходам на Сірыюс, значна пашырыцца нашая аўдыторыя ў Беларусі і ўвогуле ў сьвеце. Гэта азначае большыя вымаганні, большую самадысцыпліну і больш прывабную праграму. У сувязі з гэтым будзе больш цікавых прапановаў, што тычыцца, напрыклад, дакументальнага кіно і ўвогуле сусветнага, перадусім, еўрапейскага мастацкага кіно. Таксама мы будзем развівацца з навінамі. Спадзяюся, што бліжэй да восені наш выпуск будзе яшчэ даўжэй. Мы плануем запрашаць у студыю гасцей, якія б каментавалі найбольш важныя падзеі ў Беларусі. 

Гутарыў Міхась Андрасюк, Радыё Рацыя

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя