Аднадзённы візыт у Гродна ажыццявіў ваявода падляшскі Мацей Жыўна.
Сустрэча з кіраўніком аблвыканкама і абмеркаванне перспектываў супрацоўніцтва паміж суседнімі рэгіёнамі - гэта галоўныя тэмы яго першага наведвання горада над Нёманам.
Падчас сустрэчы кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Саўчанка выступіў з прапановай сумеснага будаўніцтва дадатковага маста на памежным пераходзе Бераставіца-Баброўнікі. На гэта Мацей Жыўна паабяцаў падтрымку са свайго боку і хадайніцтва аб вырашэнні пытання фінансавання перад Міністэрствам інфраструктуры сваёй краіны. У меру кампетэнцыі ваявода падляшскі мае намер дапамагаць хутчэйшаму завяршэнню рэканструкцыі Аўгустоўскага канала з польскага боку.
Падчас сустрэчы бакі адзначылі канструктыўнае супрацоўніцтва суседніх рэгіёнаў у сферы эканомікі, аховы здароўя, культуры і адукацыі. Што датычыць эканамічных стасункаў, то тавараабарот Гродзенскай вобласці і Польшчы штогод павялічваецца і на сённяшні дзень складае 10% ад агульнага, у тым ліку 16% - экспарт і 7,5% - імпарт.
На тэрыторыі вобласці працуе 130 прадпрыемстваў, якія ўтрымліваюць польскі капітал. Да таго ж суседняя краіна займае першае месца па аб’ёму інвестыцый. Прыкладам, за першы квартал польскія бізнэсоўцы інвеставалі ў эканоміку Гродзеншчыны 6 млн даляраў, што склала трэцюю частку ад колькасьці агульных інвестыцый.
Радыё Рацыя






