15-07, 17:24

У склад акруговых выбарчых камісіяў увайшлі 82 прадстаўнікі прапрэзідэнцкай “Белай Русі”

У склад акруговых выбарчых камісіяў увайшлі 82 прадстаўнікі прапрэзідэнцкай “Белай Русі”. Пра гэта Рацыі паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік. Ад апазіцыйных аб’яднанняў да працы ў камісіях дапушчаныя толькі сябры “БНФ “Адраджэньне”. Больш падрабязнее пра вынікі фармавання акруговых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты предстаўнікоў у рэпартажы Кастуся Вансяцкага.

Як адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, грамадскія аб’яднанні ўзялі досыць актыўны ўдзел у вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў:

- Усяго было пададзена больш за 500 заяў. Па выніках фармавання камісій іх сябрамі сталі 356 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, што складае 75,4 адсоткі ад жадаючых.

Больш за ўсіх у складзе камісій сябраў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі – 96 чалавек. Не далёка ад іх адстала і прапрэзідэнцкае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, якое атрымала 82 месца. Акрамя таго, у склад камісіяў увайшлі прадстаўнікі саюзу ветэранаў, прафсаюзаў, жаночых аб’яднанняў і шэрагу іншых. З апазіцыйных грамадскіх структур 4 месца атрымала толькі “БНФ “Адраджэньне”, паведаміў Мікалай Лазавік. .

Акрамя гэтага ў склад акруговых камісіяў былі ўключаныя 583 чалавекі, якія вылучаліся самастойна, шляхам збору подпісаў, 222 прадстаўніка працоўных калектываў і 151 сябар паліытчных партыяў. Яшчэ 118 чалавек прадстаўляюць у камісіях органы, якія іх стваралі, то бок - мясцовыя выканкамы. Як і заўсёды, асноўны цяжар працы возьмуць на сабе жанчыны, якіх у камісіях зацверджана 733. Ёсць у іх складзе і моладзь. Па дадзеных сакратара Цэнтрвыбаркаму, 119 сябраў камісій маюць узрост да 30 гадоў.
Агульная колькасць сябраў акруговых камісіяў складае 1 тысячу 430 чалавек.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя