16-07, 17:13

Новыя прызначэнцы у Саўбезе і КДБ - людзі Віктара Лукашэнкі.

Роўна тыдзень спатрэбіўся Аляксандру Лукашэнку, каб вырашыць кадравыя пытанні, якія паўсталі пасля гучных адставак кіраўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта Генадзя Невыгласа і Савету Бяспекі Віктара Шэймана. Вечарам ў аўторак афіцыйныя крыніцы паведамілі пра новыя прызначэнні. Савет Бяспекі ўзначаліў цяпер ужо былы шэф КДБ Юры Жадобін, а Адміністрацыю - Уладзімір Макей, які выконваў дагэтуль абавязкі памочніка кіраўніка дзяржавы. Кіраваць КДБ ад 15 ліпеня будзе генерал-маёр Вадзім Зайцаў, які да гэтага часу займаў пасаду першага намесніка старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Новыя старыя людзі, якія даўно працуюць у абойме Лукашэнкі. Менавіта так, паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, можна сказаць пра прызначэнцаў, якія з учорашняга дня ўзначалілі ключавыя ведамствы – Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі і КДБ. Як адзначае палітык, усе яны людзі Лукашэнкі, толькі не Аляксандра, а яго старэйшага сына - Віктара, які набірае усё большую палітычную вагу.
Паводле палітыка, групоўка новай генерацыі упраўленцаў, якая згуртавалася вакал Віктара Лукашэнкі, добра скарысталася выбухам у Мінску, каб узмацніць свае пазіцыі і скінуць апошніх з магіканаў, якія некалі прышлі да улады разам з Лукашэнкам старэйшым:

- Гэтыя кадравыя змяненні, азначаюць змены на вяршыні палітычнага Алімпу, і сведчаць пра тое, што хваля тэрарыстычнага акту змыла рэшткі старой гвардыі і ўмацавала пазіцыі новых людзей.


Анатоль Лябедзька лічыць, што казаць пра нейкія змены ў знешняй ці ўнутранай палітыцы ў сувязі з прыходам на вышэйшыя пасады людзей Віктара Лукашэнкі заўчасна. Аднак пры гэтым палітык станоўча ацаніў асабістыя якасці новага кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея, з якім неаднаразова сустракаўся падчас сваіх міжнародных паездак:

- Трэба прызнаць, што ён зрабіў даволі моцную карьеру. Я яго памятаю яшчэ як супрацоўніка дыпмісіі ў Страсбуры. Скажу, што яго чалавечыя якасці на той час былі абсалютна прыстойныя, а што датычыць прафесіяналізму, то паглядзім. Некаторыя схільныя гаварыць, што гэта нейкія новыя мажлівасці для еўрапейскага вектара – пачакаем. Я не думаю, што гэты чалавек такі ідэалагічны, ці гэты чалавек з’яўляецца такім ўжо вялікім прыхільнікам еўрапейскіх каштоўнасцяў. Хутчэй за ўсё ён з разраду такіх служакаў.

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч таксама знаёмы з Уладзімірам Макеем. І таксама, як і Анатоль Лябедзька, адзначае яго высокія прафесійныя якасці:

- Гэта вельмі моцнае прызначэнне. Уладзімір Макей вельмі добры аналітык і вельмі здольны арганізатар. Наколькі я ведаю, ён быў маторам у Адміністрацыі прэзідэнта, хоць па статусе з’яўляўся толькі памочнікам Аляксандра Лукашэнкі. Гэта досыць камунікабельны чалавек і самае галоўнае - ён мае салідны інтэлект.

Паводле Сяргея Гайдукевіча, з прыходам Уладзіміра Макея роля Адміністрацыі прэзідэнта ў кіраванні ўсімі грамадска-палітычнымі працэсамі ў краіне павінна значна падвысіцца.

А вось палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ўпэўнены, што ніякіх зменаў ні ў знешняй, ні ва ўнутранай палітыцы чакаць не варта. Пра гэта сведчыць той факт, што яшчэ надаўна кандыдатура Уладзіміра Макея разглядалася, як замена дзеючаму міністру замежных спраў Уладзіміру Мартынаву, аднак замест паляпшэння вонкавага іміджа краіны зараз спадару Макею прыйдзецца умацоўваць вертыкаль улады:

- Тое, што ў выніку Уладзіміра Макея прызначылі кіраўніком Адміністрацыі, на мой погляд, сведчыць пра тое, што ад знешняй палітыкі Макей нейкім чынам будзе адсунуты. І ўсе гэтыя разважанні пра тое, што ён, быццам бы, увасабляе нейкі ліберальны накірунак рэжыму, на мой погляд, вялікая памылка.  

Што тычыцца прызначэння шэфа КДБ Юрыя Жадобіна ў Савет бяспекі, то, на думку эксперта, яго проста перасунулі “па “вертыкалі” ўлады”. Аднак ў любым выпадку мець такі ўплыў на сілавыя ведамствы, які некалі меў Віктар Шэйман, новы старшыня Савету Бяспекі не будзе, сказаў Раман Якаўлеўскі:

- Гэта не сакрэт. Многія назіральнікі ды эксперты выказваюцца наконт таго, што рэальным куратарам сілавых ведамстваў даўно з’яўляецца старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі – Віктар, які з’яўляецца яго дарадцам па пытаннях нацыянальнай бяспекі.

Самым загадкавым прызначэннем экперты называюць новую пасаду былога памежніка Вадзіма Зайцава. Паводле Анатоля Лябедзькі, новы старшыня КДБ таксама з’яўляецца чалавекам Віктара Лукашэнкі, але як ён сабе будзе паводзіць ў новай якасці, зараз сказаць немагчыма:

- Насамрэч гэта найбольш загадкавае прызначэнне. Але калі ўлічваць, што чалавек займаўся аператыўнай працай у Памежных войсках, якія з’яўляюцца крэатурай Віктара Лукашэнкі, то можна казаць, што гэта чалавек з яго каманды, і разам з тым яму, відаць, бліжэй будзе праца ў спецслужбах, чым для таго ж Жадобіна.

Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначае яшчэ адну акалічнасць у новых прызначэннях:

- Трывожыць тое, што ў новапрызначаных сілавых кіраўнікоў практычна адсутнічае біяграфічная сувязь з Беларусью. А гэта азначае, што яны сваім статусам у гэтай краіне абавязаны канкрэтным уладарам.


У любым выпадку апошнія прызначэнні ўзнялі больш пытанняў, чым далі адказы на іх. Магчыма, новая каманда на чале з Віктарам Лукашэнкам паспрабуе ачалавечыць беларускую грамадска-палітычную мадэль. А магчыма, усё абмяжуецца касметычным рамонтам і навядзеннем цывілізаванага бляску на беларускім фасадзе для заходніх краінаў.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя