16-07, 16:32

У бальніцу на 15 гадоў

Аляксандр Лукашэнка знайшоў выйсце з праблемы недахопу ў Беларусі дактароў. Пасля наведвання віцебскага радзільнага дома прэзідэнт прапанаваў зрабіць для выпускнікоў медычных ВНУ размеркаванне па працаўладкаванні цягам на 15 год.

Калі прапанова прэзідэнта стане рэальнасцю, выпускнікам медычных устаноў давядзецца практычна прымусова адпрацоўваць 15 гадоў у месцах, прызначаных кіраўніцтвам ВНУ шляхам размеркавання. А гэта значыць, што 15 гадоў яны не будуць мець магчымасці памяняць месца працы.

Прарэктар па вучэбнай рабоце мінскага Медуніверсітэта Уладзімір Манулік пракаментаваў Рацыі новую прапанову Лукашэнкі:

- Прэзідэнт сказаў, што не трэба прымаць паспешлівых рашэнняў, але трэба думаць пра тое, каб выпускнікі адпрацавалі па месцы размеркавання больш працяглы час – мэтазгодна. Больш за тое. Ён жа сказаў, што трэба думаць пра тое. Як іх утрымаць, у тым сэнсе, якім чынам стымуляваць.

На пытанне аб мэтазгоднасці 15-гадовага размеркавання прарэктар адказаў так:

- Гэта сусветная практыка. Будзе рашэнне, мы дзяржаўныя людзі, будзем яго выконваць. Але ў тым, што медыцыну паднімаць трэба, я з Аляксандрам Рыгоравічам цалкам згодны.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хельсінскага камітэта Гары Паганяйла ахарактарызаваў прэзідэнцкую прапанову наступным чынам:

- Лукашэнка відаць адзіны палітык на постсавецкай прасторы, якому ўдалося спыніць час. Больш за тое, ён спрабуе гэты час павярнуць назад. Ён хоча ўвесці ў адносінах да маладых спецыялістаў крэпасное права нават без Юр'ева дня. 

Спадар Паганяйла таксама даў ацэнку 15-гадоваму размеркаванню ад імя БХК:

- Гэта ні што іншае, як прымусовая праца – адпрацоўка ў тых месцах, куды накіроўвае Міністэрства адукацыі. Мы ацэньваем сітуацыю з прымусовай працай маладых спецыялістаў як парушэнне канвенцый МАП, згодна з якімі Беларусь узяла на сябе абавязацельства выключыць выпадкі прымусовай працы.

Пакуль не вядома, ці возьме Міністэрства адукацыі прапанову прэзідэнта на ўзбраенне, але калі насамрэч будзе ўстаноўлена 15-гадовае размеркаванне, праблема з недахопам урачоў толькі павялічыцца. Ведаючы аб такой перспектыве маладыя людзі проста могуць адмовіцца ад паступлення ў медычныя навучальныя ўстановы.

Наталля Якавенка, Радыё Рацыя, Беласток

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя