17-07, 18:42

Падчас выбуху Юрась Карэтнікаў знаходзіўся ў Страсбургу

Прэзідыум Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў патрабуе неадкладнага вызвалення сябра Партыі БНФ Юрася Карэтнікава, якога ўчора затрымалі па падазрэнні ў датычнасці да выбуху ў ноч на 4 лііпеня ў Мінску. Адмысловая заява была прынятая кіраўніцтвам АДС 17 ліпеня.

Сэнс заявы падчас прэс-каферэнцыі агучыў намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычный партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч. Паводле палітыка, Прэзідыум АДС канстатуе пашырэнне палітычнага ціску, у тым ліку і на прадстаўнікоў адзінага спісу кандыдатаў ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмкратычнай апазіцыі. У гэты спіс, як вядома, уваходзіць і Юрась Карэтнікаў. Палітычная матываванасць затрымання актывіста відавочна яшчэ і таму, што ў яго ёсць 100-працэнтнае алібі, адзначыў Ігар Рынкевіч:

- Спецслужбы нават не пацікавіліся тым, што арыштаваны імі Юрась Карэтнікаў па запрашэнні Рады Еўропы ўдзельнічаў у працы летняга Універсітэту дэмакратыі і знаходзіўся ў Стразбургу з 26 чэрвеня па 6 ліпеня.

Адсюль, паводле Ігара Рынкевіча, ствараецца ўражанне таго, што спецслужбы не вядуць сур’ёзнага расследвання гэтага тэракту, а займаюцца “больш простай і звычайнай для іх працай – пераследам дэмакратычных актывістаў”.

Прэзідыум Палітрады заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх вязняў сумлення, спыніць палітычныя рэпрэсіі, а таксама папярэджвае ўлады пра магчымасць перагляду фармата свайго удзелу ў парламенціх выбарах.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя