18-07, 13:43

Сведкі падцвердзілі алібі Юрася Карэтнікава

У пятніцу раніцай у КДБ былі выкліканыя адразу тры прадстаўнікі Аб’яднаных дэмкратычных сілаў. Як патлумачыў следчы, размова будзе весціся пра Юрася Карэтнікава, які, нагадаем, ужо трэці дзень знаходзіцца ў СІЗА па падазрэнні ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня ў Мінску.

Раніцай 18 ліпеня на размовы да следчага Паўла Каранеўскага было прапанавана прыйсці сябрам Політрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валенціне Палевіковай і Аляксандру Дабравольскаму, а таксама актывісту Партыі БНФ Аляксандру Шарафіновічу. Следчы ў тэлефоннай размове патлумачыў, што гутарка будзе весціся наконт Юрася Карэтнікава, сябра Партыі БНФ, які 15 ліпеня быў затрыманы па падазрэнні ў датычнасці да выбуху ў Мінску ў ноч на 4 ліпеня.

Як распавёў Рацыі Аляксандр Дабравольскі, які першым быў выкліканы ў КДБ, Юрась Картнікаў сам папрасіў следчага, каб той запрасіў гэтых трох актывістаў дэмсілаў, каб яны падцвердзілі яго алібі. Гаворыць Аляксандр Дабравольскі:

Я распавёў следчаму, што мы разам з Юрыем Карэтнікавым былі ў Страсбургу з 29 чэрвеня па 6 ліпеня. Распавёў, што мы разам выляталі і разам прыляцелі ў Беларусь, і я яго бачыў там кожны дзень. Я сказаў таксама, што, наколькі я ведаю Карэтнікава, у мяне склалася меркаванне, што ён не можа быць прыхільнікам гвалтўных дзеянняў. 

Таксама ў гэты час разам з Юрасём Карэтнікавым ў Страсбургу знаходзіліся Валянціна Палевікова і Аляксандр Шарафіновіч. Што яны і падцвердзілі ў гутарцы са следчым.

Тым не менш, Юрась Карэтнікаў усё яшчэ знаходзіцца ў СІЗА.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя