У пятніцу ў Мінску прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства адукацыі сабралі журналістаў, каб растлумачыць усе станоўчыя моманты, якія нясе вяртанне беларускай сістэмы сярэдняй адукацыі да 11-годкі.
Паводле першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоля Рубінава, прыйшоў час выпраўляць хібы непрадуманай рэформы, якая была распачатая 10 год таму. Ад вяртання назад беларуская адукацыя толькі выйграе, а дзеці і іх бацькі, як мінімум не прайграюць, сказаў чыноўнік.
17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт “Аб асобных пытаннях агульнай і сярэдняй адукацыі”. Дакумент вяртае ў Беларусь 11-годку, ад якой краіна адмовілася яшчэ 10 гадоў таму. Раней чыноўнікі казалі, што пераход да 12-ці гадоў сярэдняй адукацыі – гэта сусветная тэндэнцыя. Зараз тыя ж самыя людзі называюць тую рэформу вялікай памылкай.
Чыноўнік таксама паспрабаваў супакоіць і дзяцей, і бацькоў, заявіўшы, што ніякага падвоенага конкурса выпускнікоў у 2009 годзе не будзе. Таксама не плануецца і скарачаць колькасць педагогаў. Паводле Анатоля Рубінава, свае вучэбныя гадзіны яны набяруць за кошт факультатыўных заняткаў, якія будуць дабраахвотнымі. Факультатыў можна будзе ствараць, калі ў групу запішуцца 3 вучні калі говорка ідзе пра сельскую школу, і 5 - пра гарадскую.
Яшчэ адна прыемная навіна для педагогаў: з 1 верасня заробак дасведчаных настаўнікаў падвысіцца на 20-25 адсоткаў, а ў маладых – на 1 базавую стаўку тарыфнага разраду, альбо на 73 тысячы рублёў.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя, Мінск






