У Івянцы завяршылася першая міждыяцэзійная сустрэча моладзі Беларусі, якая праходзіла паралельна з Сусветным днём моладзі ў Сіднэі (Аўстралія).
На працягу трох дзён, з 18 па 20 ліпеня, маладыя католікі з усіх дыяцэзій Беларусі сумесна маліліся, спявалі псалмы, бралі ўдзел у святой імшы. Дзякуючы арганізаванай у Івянцы прамой трансляцыі з Сіднэя, яны змаглі памаліцца са сваімі равеснікамі з розных краін, а таксама атрымаць пасланне і благаславенне папы рымскага Бенедыкта XVI.
Як паведаміў сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандр Амяльчэня, у перспектыве такія мерапрыемствы плануецца праводзіць у Беларусі рэгулярна, паралельна з сусветнымі сустрэчамі моладзі з пантыфікам (яны праходзяць раз у тры гады). "Такія сустрэчы дапамагаюць нашай веры, нашай свядомасці. Думаю, што экзамен маладыя людзі здалі — як і арганізатары мерапрыемства, бо падобная сустрэча праводзілася ў Беларусі ўпершыню. Упэўнены, што эфект ад гэтай падзеі ёсць, яна напоўнена глыбокім сэнсам", — сказаў А.Амяльчэня.
Ксёндз асабліва падкрэсліў: сёлетняе мерапрыемства не проста маладзёжная "тусоўка", але і "евангелізацыя для тых людзей, якія жывуць побач, праходзяць міма, прыглядаюцца збоку, але маюць нейкі эмацыянальны бар'ер або нейкія комплексы, жыццёвыя праблемы". "Такія сустрэчы разбураюць усе бар'еры", — лічыць Аляксандр Амяльчэня, паведамляе БелаПАН.




