Ідэя старэння камітэтаў мясцовага самакіравання, агучаная ў свой час дэпутатам Гродзенскага гарсавета мінулага склікання Сяргеем Кузьмянком, знаходзіць усё больш і больш прыхільнікаў у горадзе над Нёманам.
Падцверджаннем таму можа служыць сітуацыя, якая склалася ў мікрараёне “Вішнявец” у сувязі з пачаткам рамонтных працаў па замене цеплавых сетак.
З 1990 года жыхары мікрараёна ў сувязі з правядзеннем бясконцых будаўнічых рамонтаў не мелі магчымасьці карыстацца добраўпарадкаванымі дварамі, тратуарамі і дарогамі.Катастрафічна не хапала мейсцаў для паркоўкі самаходаў, а аб гульнявых пляцоўках для дзяцей і магчымасці шпацыру жанчын з каляскамі не можа быць размовы па сённяшні дзень.Паўгады таму улады заасфальтавалі частку тэрыторыі і зрабілі 2 стаянкі для самаходаў, што значна палепшыла сітуацыю.
Нажаль, ненадоўга. Прадпрыемства “Гроднаэнэрга” пачынае ў мікрараёне доўгатэрміновыя працы па замене цеплавых сетак, што выклікала пратэстныя настроі грамадства. Прычым, людзей абурае тое, што паводле пашпарту аб’екту, будаўнічыя працы павінны былі праходзіць з чэрченя па верасень, аднак з іх пачаткам выканаўцы спазніліся ўжо амаль на 2 месяцы, у сувязі з чым дакладныя тэрміны завяршэння нікому невядомыя.

Учора вечарам жыхары мікрараёна на агульным сходзе прынялі зварот да дырэктара гродзенскіх цеплавых сетак Анатоля Шышлы з прапановай скараціць тэрміны рамонтных працаў да мінімума. Людзі пакінулі за сабою права звяртацца ў вышэйстаячыя арганізацыі , уключаючы Адміністрацыю Прэзыдэнта. Непакоіць жыхароў мікрараёна ў першую чаргу тое, што не ствараюцца умовы для поўнавартаснага адпачынку ў дварах мікрараёна: адсутнічаюць абсталяваныя пандусамі лесвіцы, адпаведныя службы не збіраюць смецце і не ажыццяўляюць пакос травы, а п’янства стала ў дварах звычайнай з’явай, што ў сваю чаргу выклікае страх бацькоў за сваіх непаўнагадовых дзяцей, якія часам баяцца зайсьці ў пад’езд.
Шматлікія звароты ў дзяржаўную газэту “Гродзенская праўда” і да мясцовых уладаў ніякіх вынікаў не далі і не выключана, што жыхары мікрараёна “Вішнявец” у адстойванні сваіх правоў пайдуць іншым шляхам.
Стварэнне тэрытарыяльнага камітэта самакіравання людзі разглядаюць як магчымасьць рэальна ўплываць на дзеянні ўлады, якая далёка не заўсёды прыслухоўваецца да грамадскай думкі. Грамадскі актывіст Сяргей Кузьмянок, які сам пражывае ў гэтым мікрараёне, патлумачыў , што згодна з Законам “Аб самакіраванні” такія інстытуты ствараюцца па ініцыятыве грамадзян і выконваюць пэўныя функцыі, зыходзячы перш за ўсё з інтарэсаў насельніцтва.
Прапанова зацікавіла жыхароў мікрараёна “Вішнявец” і не выключана, што бліжэйшым часам тут паўстане першы ў горадзе камітэт тэрытарыяльнага самакіравання, ідэя стварэння якога належыць Сяргею Кузьмянку і карыстаецца ўсё большай падтрымкай гродзенцаў.
Радыё Рацыя






