17-07, 21:29

Футбольны арбітр Сяргей Шмолік і інспектар матчаў Мікалай Мяцельскі дыскваліфікаваныя пажыццёва

Футбольны арбітр Сяргей Шмолік і інспектар матчаў Мікалай Мяцельскі рашэннем дысцыплінарнага камітэта Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ) дыскваліфікаваныя пажыццёва.

Пасяджэнне дысцыплінарнага камітэта АБФФ прайшло ў сталічным доме футбола 17 ліпеня і было прысвечана інцыдэнту, што адбыўся 5 ліпеня ў Віцебску падчас матчу 13-га тура нацыянальнага чэмпіянату паміж "Віцебскам" і наваполоцкім "Нафтанам". Рэферы ФІФА Сергей Шмолік, які абслугоўваў гэты матч у якасці галоўнага суддзі, выйшаў на поле ў стане алкагольнага ап'янення.

Медыцынскі агляд, праведзены пасля матчу, паказаў наяўнасць у арганізме С.Шмоліка 2,6 праміле алкаголю, што адпавядае цяжкай ступені ап'янення. Арбітр патлумачыў, што выпіў пасля гульні, каб аблегчыць боль у траўмаваным пазваночніку.

15 ліпеня па "справе Шмоліка" адбылося пасяджэнне судзейскага камітэта АБФФ, якое працягвалася сем з паловай гадзін. Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў, у тым ліку відэазапісу гульні, камітэт прыняў рашэнне хадайнічаць перад дысцыплінарным камітэтам АБФФ аб па жыццёвай дыскваліфікацыі С.Шмоліка. Сам С.Шмолік на пасяджэнні судзейскага камітэта не прысутнічаў.

Дысцыплінарны камітэт падтрымаў хадайніцтва судзейскага камітэта і, кіруючыся адпаведнымі артыкуламі дысцыплінарнага кодэкса і рэгламенту чэмпіянату Беларусі, за амаральныя паводзіны пры арганізацыі і правядзенні матчу, што дыскрэдытуе судзейскі корпус Беларусі і званне рэферы ФІФА, прыняў рашэнне аб пажыццёвай дыскваліфікацыі Сяргея Шмоліка.

Пажыццёвай дыскваліфікацыі таксама падвергнуты інспектар матчу Мікалай Мяцельскі. Выканкаму АБФФ рэкамендавана выключыць М.Мяцельскага з ліку членаў судзейскага камітэта.

Дысцыплінарны камітэт прыняў рашэнне хадайнічаць перад судзейскім камітэтам аб разглядзе пытання мэтазгоднасці выкарыстання ў гэтым сезоне ва ўсіх лігах суддзяў Андрэя Гароха і Алега Колбы, якія абслугоўвалі матч у Віцебску ў якасці лінейных арбітраў.

Яшчэ адно хадайніцтва дысцыплінарнага камітэта адрасавана выканкаму АБФФ. У ім выказваецца просьба разгледзець пытанне аб эфектыўнасці дзейнасці судзейскага камітэта ў цэлым і яго кіраўніцтва ў прыватнасці.

Апрача таго, дысцыплінарны камітэт прыняў рашэнне аштрафаваць футбольны клуб "Віцебск" як прымаючы бок, адказны за правядзенне матчу ў адпаведнасці з пунктамі рэгламенту, на 150 базавых велічыняў, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя