19 ліпеня з-за дажджу была адменена парная гульня матчу Кубка Дэвіса паміж камандамі Беларусі і Польшчы, які праходзіць на адкрытым корце мінскага Палаца тэніса.
Сёння павінен быў адбыцца паядынак беларусаў Максіма Мірнага і Уладзіміра Валчкова з палякамі Марыушам Фірстэнбергам і Марцінам Маткоўскім.
Пачатак сустрэчы быў запланаваны на 11.00. Аднак з-за дажджу і апасення, што спартсмены могуць траўмавацца на слізкім пакрыцці корта, галоўны суддзя спаборніцтваў перанёс пачатак гульні на 14.30. Да прызначанага часу надвор'е палепшылася, пакрыццё прасушылі, але калі спартсмены выйшлі на корт, дождж пайшоў з новай сілай. У выніку паядынак зноў некалькі разоў быў адкладзены. Бліжэй да канца дня, калі стала канчаткова ясна, што дождж не закончыцца, было прынята рашэнне аб пераносе гульні на 20 ліпеня. На гэты раз, калі нічога не перашкодзіць, яна пачнецца ў 9.00.
20 ліпеня таксама плануецца правядзенне двух адзіночных паядынкаў з удзелам Максіма Мірнага і Міхала Пжысежнага, Уладзіміра Валчкова і Ежы Яновіча.
Як раней паведамлялася, беларусы пасля дзвюх сустрэч, што адбыліся 18 ліпеня, уступаюць сапернікам з лікам 0:2 — М.Мірны і У.Валчкоў прайгралі польскім тэнісістам у адзіночных паядынках. Цяпер палякам для агульнай перамогі ў матчы дастаткова выйграць адну з трох сустрэч, што засталіся,паведамляе БелаПАН.




