У заключным паядынку матчу Кубка Дэвіса беларус Андрэй Каратчэня атрымаў перамогу над палякам Ежы Яновічам — 3:6, 6:2, 6:4.
Такім чынам, агульны лік матчу — 4:1 на карысць польскай каманды.
Нагадаем, матч Кубка Дэвіса праходзіў на адкрытым корце Палаца тэнісу ў Мінску 18—20 ліпеня.
У першы дзень адбыліся дзве адзіночныя сустрэчы. Беларус Уладзімір Валчкоў прайграў лідэру польскай каманды Міхілу Пршышэўжнаму — 2:6, 6:4, 2:6, 2:6, а Максім Мірны ўступіў Ежы Яновічу — 4:6, 5:7, 4:6.
Парная сустрэча 19 ліпеня М.Мірны/У.Валчкоў — Марыуш Фірстэнберг/Марцін Маткоўскі з-за дажджу была перанесена на нядзелю.
20 ліпеня перад матчам у беларускай камандзе раптоўна адбылася замена: замест Максіма Мірнага і Уладзіміра Валчкова на корт выйшлі маладыя спартсмены Андрэй Каратчэня і Павел Катляроў. У выніку парны паядынак завяршыўся перамогай польскай каманды (6:4, 6:0, 6:2), што забяспечыла палякам датэрміновую перамогу ў матчы.
У гэты ж дзень адбылася сустрэча Паўла Катлярова з Міхалам Пршышэўжным, у якой беларус уступіў паляку — 1:6, 2:6.
Як заявіў на прэс-канферэнцыі капітан польскай каманды Радаслаў Шыманік, тэнісісты Польшчы не чакалі, што перамогуць беларусаў у чатырох сустрэчах запар.
"Шкада, што Максім Мірны і Уладзімір Валчкоў не змаглі ўзяць удзел у сённяшняй парнай гульні. Іх паядынак з Марыушам Фірстэнбергам і Марцінам Маткоўскім мог бы атрымацца вельмі цікавым", — зазначыў Р.Шыманік.
Што да сустрэчы паміж першай ракеткай польскай каманды Міхалам Пршышэўжным і Паўлам Катляровым, то, паводле слоў трэнера, вынік заканамерны, бо Пршышэўжны займае 414-е месца ў сусветнай класіфікацыі, у той час як Катляроў — 973-е.
У сваю чаргу П.Катляроў заявіў журналістам, што яго саперніку было значна лягчэй, бо зборная Польшчы датэрмінова забяспечыла агульную перамогу ў матчы. "Мая ж задача была не спалохацца публікі і пастарацца паказаць усё, што ўмею", — сказаў 20-гадовы тэнісіст.
Каментуючы парную гульню, у якой ім з Каратчэнем давялося замяніць больш вопытных Мірнага і Валчкова, Катляроў прызнаўся, што яны з партнёрам вельмі хваляваліся. "Мы павінны былі змагацца з вопытамі сапернікамі. Марыуш Фірстэнберг і Марцін Маткоўскі ў свой час уваходзілі ў дзесятку лепшых дуэтаў сусветнага парнага тэнісу. Так што паядынак з імі стаў для нас добрай школай. Мірны і Валчкоў ужо блізкія да завяршэння кар'еры. І нам трэба быць гатовымі да таго, каб у хуткім часе прыйсці ім на змену", — сказаў Катляроў.
У верасні зборная Беларусі будзе змагацца з камандай Грузіі за захаванне прапіскі ў першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса, паведамляе БелаПАН.







Каментары