07-10, 19:31

Бернд Штанге: Мы пакажам атакуючы футбол

15 кастрычніка на мінскім стадыёне «Дынама» адбудзецца футбольны матч Беларусь – Англія  адборачнага турніру чэмпіянату свету-2010.  Беларуская каманда сабралася ў Мінску 6 кастрычніка і раніцай 8-га вылятае на базу ў нямецкі Руйт для далейшай падрыхтоўкі. 7-га ўвечары зборная правядзе адкрытую трэніроўку на мінскім стадыёне. З Германіі каманда вернецца напярэдадні матчу з Англіяй.

Аб жаданні выйграць у Англіі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Беларускай федэрацыі футбола галоўны трэнер беларускай каманды Бернд Штанге:

-Мы хочам пацвердзіць паступовае развіццё нашага футбола. Усе члены нашага штаба аптымісты. Я, як трэнер, заўсёды аптыміст. Рэалізм тут не падыходзіць. Калі быць рэалістам, дык трэба гаварыць, што Англія з'яўляецца відавочным фаварытам, а мы аўтсайдэры. Але мы пастараемся прыкласці ўсе намаганні, каб паказаць супергульню.

Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас заявіў аб поўнай гатоўнасці да спаборніцтва з Англіяй:

- Усё, што прадугледжана планамі, выконваецца. Мы правялі ўжо некалькі сустрэч, асабліва па пытаннях бяспекі, з калегамі з Англіі, у тым ліку з удзелам паліцыі Англіі. Што да стадыёна, ён практычна гатовы. Білетаў ужо няма. Яны ўсе прададзеныя. Усе пытанні трансляцыі матча вырашаныя, кожны жыхар Беларусі можа гэты матч паглядзець.

Паўабаронца беларускай футбольнай зборнай і іспанскай "Барселоны" Аляксандр Глеб пакуль не ведае, ці здолее выйсці на поле з-за раней атрыманай траўмы левай шчыкалаткі:

- Мой стан неблагі, нармальны. Узнаўленне праходзіць добра, нават можна сказаць хутка. Але ці вазьму ўдзел у гульні, пакуль пэўна сказаць не магу. Я не гатовы на 100%, таму я ўчора размаўляў з трэнерам, у нас ёсць план, па якім мы будзем працаваць, і ўсё будзе залежыць ад гэтага.

Новы гулец каманды Штанге, былы футбаліст наваполацкага «Нафтана» Дзмітрый Верхаўцоў добра адаптаваўся ў новай для сябе камандзе, нягледзячы на некаторыя цяжкасці:

- Пераход даецца нескладана, хлопцы дапамагаюць, калектыў дружны. Многіх я ведаў па беларускіх клубах, так што ўсё добра. Тут ўсё хутчэй робіцца, чым у нас у беларускім чэмпіянаце, гульня ў асноўным ідзе ў адно, у два касання. Канешне, да гэтага цяжэй прывыкнуць, але нічога, мы стараемся, прывыкаем.

Бернд Штанге, паводле яго слоў, у цэлым задаволены падрыхтоўкай і фізічным станам гульцоў, хаця, канешне, засмучае сітуацыя з Глебам. Аднак каманда намерана «паказаць атакуючы футбол» і выйграць.

Наталля Якавенка, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя