Гэта ўстанова, з'яўляецца часткай беларускай амбасады, і яго мэтай будзе дэманстраваць культуру і мастацтва сваёй краіны, а таксама дапамагаць культурніцкім праектам беларускай нацыянальнай меншасці. Прэзэнтацыя цэнтра ўжо прайшла ў Варшаве, а месьціцца ён будзе ў Беластоку.
Задума адкрыць Цэнтры культуры Беларусі ў розных краінах належыць афіцыйнаму Мінску. У беларускім урадзе вырашылі, што варта пачынаць з Польшчы – дзяржавы вядомай сваімі культурнымі сувязямі з Беларусяй, і ў якой жыве даволі вялікая беларуская нацыянальная меншасьць. Пра мэты цэнтра гаворыць дарадца ў справах культуры амбасады Беларусі ў Варшаве Тадэвуш Стружэцкі:
“Асноўныя мэты Цэнтра культуры Беларусі ў Польшчы, гэта перш за ўсё шырокая прэзэнтацыя беларускай культуры і мастацтва. Садзейнічаньне арганізацыі адпаведных мерапрыемстваў, падтрымка беларускай нацыянальнай меншасьці. Спрыяньне разьвіцьцю культурных, адукацыйных сувязяў, моладзевага абмену, партнэрскіх сувязяў паміж гарадамі і ваяводзтвамі. Мэты і задачы даволі шырокія”.
Перад тым, як пачаць стварэньне Цэнтру культуры Беларусі, вывучалася дзейнасьць падобных дзяржаўных культурных інстытуцыяў іншых краін. І найперш Польскага інстытуту ў Мінску.
Паводле спадара Стружэцкага, у часе варшаўскай прэзэнтацыі з польскага боку была зацікаўленасьць дзейнасьцю будучай установы. Людзі цікавіліся, ці будзе ў цэнтры беларуская літаратура, музычныя і відэазапісы. Таму ў цэнтры зьбіраюцца стварыць фона-, відэа-, і бібіліятэку.
Як прыклад зацікаўленасці палякаў беларускай культурай, Тадэвуш Стружэцкі прывёў нядаўнія паспяховыя гастролі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча. У бліжэйшыя дні на Падляшшы з гастролямі будзе ансамбль народнай музыкі “Бяседа”. Таксама заплянаваныя выступ аматарскага калектыву з Беларусі “Крупіцкія музыкі”, шэраг мастацікх выставаў у Гайнаўскім беларускім музэі. А ў Варшаве прэзэнтацыя фільму пра Адама Міцкевіча, прысьвечанага 210-годдзю з дня нараджэньня паэта.
“Спадзяемся, што культурная прысутнасьць Беларусі ў Польшчы і надалей будзе актыўная. Таму што беларуская культура палякам блізкая, зразумелая. Заўсёды гледачы праяўляюць вялікую зацікаўленасьць. І безумоўна гэты інтарэс трэба падтрымліваць. Таксама, як і польская культурная прысутнасьць у Беларусі вельмі шырокая” - зазначыў Тадэвуш Стружэцкі.
Цэнтр будзе знаходзіцца ў Беластоку. Генеральны консул Беларусі ў гэтым горадзе Міхал Аляксейчык спадзяецца, што цэнтр стане ўстановай, якая зможа злучыць беларусаў з Беларусі з іх сурдзічамі на Падляшшы і ва ўсёй Польшчы:
“Мы хацелі б, каб ён стаў цэнтрам беларускага аб’яднаньня ў справах культуры, адукацыі, вывучэньня беларускай мовы. Гэта дасьць магчымасьць больш цесна зьвязаць беларусаў з Беларусі з беларускім асяродзьдзем усёй Польшчы, і перад усім Беласточчыны, дзе жыве найболей беларусаў”.
Прэзэнтацыя Цэнтра культуры Беларусі ў Беластоку пройдзе 4 ліпеня.
Альгерд НЕВЯРОЎСКІ, РАДЫЁ РАЦЫЯ, Беласток




