06-07, 11:04

У Беластоку адкрылі Цэнтр культуры Беларусі

Гэта структурнае падраздзяленне беларускай амбасады, якое павінна займацца прэзэнтацыяй і прапагандай беларускай культуры ў Польшчы.

На прэзэнтацыю цэнтра, якая праходзіла ў Ваяводзкім асяродку анімацыі і культуры, сабралася больш сотні чалавек. Актывісты Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы, супрацоўнікі беларускай амбасады з Варшавы, генконсульства ў Беластоку, і проста цікаўныя.



Спачатку ўдзельнікаў прэзэнтацыі забаўлялі калектывы з Падляшша “Прымакі” і з Мінску “Бяседа”. 

  Афіцыйна ж адкрыцьцё цэнтра прэзэнтавалі яго кіраўнік Тадэвуш Стружэцкі, амабасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка, генэральны консул у Беластоку Міхал Аляксейчык, а таксама кіраўнікі ўправаў культуры Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей. Павал Латушка так патлумачыў мэты гэтай установы:

“Гэта першая культурная ўстанова Беларусі па-за межамі нашай краіны, і я цешуся з таго факту, што яна адкрываецца ў Польшчы. Бо з Польшчай беларускую культуру звязвае шмат чаго ў мінулым, у сёньняшнім, і я ўпэўнены, што і ў будучыні. Нам падаецца, што цэнтр павінен рэалізоўваць толькі адну мэту, якая складаецца з трох частак. Першае – гэта прадстаўляць багацьце беларускай культуры. Па-другое – дапамагаць разьвіццю беларуска-польскага культурнага супрацоўніцтва, і трэцяе дапамагаць разьвіццю беларускай меншасці, што жыве ў Польшчы. Дзякуючы супрацоўніцтву ў сфэры культуры мы зможам будаваць лепшыя ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі”.

Генконсул Беларусі Міхал Аляксейчык лічыць, што праз культуру лягчэй зразумець і палітыку:

“Дзякуючы нашаму ўраду цяпер у Польшчы паўстане першая ў сьвеце такая беларуская ўстанова. Будуць у гэтай установе працаваць дыпляматы. Будуць прадстаўленыя ня толькі беларускія народныя калектывы алі і аркестры і тэатры. Праз культуры мы пазнаем адзін аднога, і праз яе лягчэй пазнаць і палітыку”.

А віцэ-мэр Беластоку Аляксандр Сасна гаворыць, пра неабходнасьць такой установы для беларусаў Падляшша:

“Беларусы ў Беластоку былі, ёсьць і будуць. І цэнтр павінен ім дапамагчы, каб пра беларусаў тут было чуваць. Каб беларусаў разумелі, як суседзяў, зь якімі трэба сябраваць”.

Не выключана, што такіе жа беларускія цэнтры будуць адкрытыя і ў іншых краінах.

Альгерд Невяроўскі, Радыё Рацыя, Беласток

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя