Група дэпутатаў-сацыялістаў Еўрапейскага парламента мае намер прыехаць у Беларусь і правесці кароткатэрміновае назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Еўрадэпутатаў запрасілі лідэры трох сацыял-дэмакратычных групаў: Мікола Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч і Вольга Казуліна. Прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў не задаволеныя тым, што еўрадэпутатаў запрасілі без узгадненьня з імі. Прэзідыюм АДС лічыць, што ва ўмовах рэпрэсіяў з боку ўладаў, прыезд замежных назіральнікаў можа паспрыяць легітымізацыі выбараў у вачах грамадскасці.
Афіцыйна, Еўрапейскі парламент не будзе высылаць сваіх прадстаўнікоў назіраць за вераснёвымі выбарамі ў Беларусі. Але кожны еўрадэпутат мае права самастойна арганізоўваць такія паездкі. Такое рашэнне прыняла група дэпутатаў сацыялістаў на чале з галандскім дэпутатам Янам Марыюсам Віерсмай. У групу ўваходзяць дэпутаты ад Германіі, Польшчы, Іспаніі. Чаму беларускія апазіцыянеры вырашылі запрасіць сваіх еўрапейскіх калег тлумачыць старшыня аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч:
“Я думаю, што еалі ня будзе міжнароднага назірання Лукашэнка будзе казаць, што выбары былі сумленнымі. І чаму вы сцвярджаеце адваротнае, вы нічога не бачылі. Па-другое ёсць такая праблема, як розныя пазіцыі розных арганізацыяў. Назіральнікі СНДзаўсёды лічаць нашы выбары сумоеннымі. Назіральнікі Еўрапарламента звычайна займаюць найбольш прынцыповую пазіцыю. А назіральнікі АБСЕ – гэта нейкая прамежкавая стадыя. Вельмі важна каб былі тыя назіральнікі, якія ведаюць, што такое еўрапейскія стандарты. І акрамя таго запрашэнне, ці не запрашэнне такіх назіральнікаў будзе сведчыць пра намеры ўладаў”.
Ян Марыюс Віерсма не раз даваў сваю прынцыповую ацэнку розным выбарам у Беларусі. Да гэтага часу ён быў неўездным на беларускую тэрыторыю.
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы маюць іншы погляд, што да запрашэння ў беларусь міжнародных назіральнікаў. Гаворыць намеснік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“Шкада, што спадар Статкевіч дабараахвотна прыняў рашэнне не каардынаваць свае дзеянні з дэмакратычнымі сіламі, а дзейнічае на сваё разуменне. Цяпер важна мець згуртаваную і скаардынаваную пазіцыю. Прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі, у Еўропе, і ў свеце. Сённяшняя сітуацыя ставіць пад знакам запытання нават мінімальную нармальнасць правядзення выбараў. Калі штодня кідаюць у турмы людзей, якія ў гэтых выбарах удзельнічаюць, калі штодня кагосці выкідаюць з працы, альбо праводзяць ператрусы. І калі ўладам залежыць на легітымізацыі выбараў, то яны павінны зразумець, што мусяць выконваць хаця бы мінімум дэмакратычных патрабаванняў”.
Прэзудыюм Аб’яднаных дэмсілаў ужо звярнуўся да АБСЕ з просьбай не фармаваць пакуль групы назіральнікаў. Пакуль афіцыйны Мінск не вызваліць палітвязняў і не спыніць рэпрэсіі супраць дэмакратычнай грамадскасці.
Альгерд Невяроўскі, Радыё Рацыя, Беласток






