"Усе мы хочам бачыць Беларусь свабоднай, адкрытай і дэмакратычнай, таму прадаўжаем выкарыстоўваць усе магчымасці, каб наладзіць сувязі з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, падтрымаць беларусаў", — гаворыцца ў лісце ў адказ старшыні Еўракамісіі Жазэ Барозу старшыні парламента ЕС Гансу-Герту Петэрынгу.
23 красавіка кіраўнік Еўрапарламента звярнуўся да Ж.Барозу і выказаў заклапочанасць, што павышэнне памеру консульскага збору за шэнгенскія візы для беларусаў негатыўна адбіваецца на іх магчымасці падарожнічаць. Адказ Г.-Г.Петэрынг атрымаў 14 ліпеня.
Ж.Барозу звярнуў увагу, што ў так званай стратэгіі Еўракамісіі ў адносінах да Беларусі, абнародаванай у лістападзе 2006 года, указваецца, што аблягчэнне падарожжаў магчымае, калі Беларусь "зробіць пераканаўчыя крокі ў напрамку дэмакратызацыі, павагі правоў чалавека і вяршэнства закона і створыць, такім чынам, умовы для паўнапраўнага ўдзелу ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства". Гэтая прапанова застаецца ў сіле, падкрэсліў кіраўнік Еўракамісіі.
"Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне парламенцкіх выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павага фундаментальных свабод, уключаючы свабоду выказвання і сходу, незалежнасць юстыцыі, адмена пакарання смерцю — усё гэта важныя складовыя пытання", — піша Барозу. На яго думку, "пры адсутнасці гэтых рашаючых крокаў перамовы аб пагадненні аб аблягчэнні візавага рэжыму немагчымыя".
З іншага боку кіраўнік Камісіі ЕС зазначае, што для развіцця грамадзянскай супольнасці і падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі "вельмі важна аблегчыць кантакты паміж беларусамі і грамадзянамі краін ЕС". Таму Еўракамісія заклікае краіны — члены ЕС у поўным аб'ёме выкарыстаць існуючыя ў рамках Шэнгенскага дагавора магчымасці і выдаваць шматразовыя візы на працяглы перыяд, да пяці гадоў, або зніжаць кошт віз.
Акрамя таго, піша М.Барозу, разам з павышэннем з 1 студзеня 2007 года кошту віз для грамадзян краін, з якімі не падпісана пагадненне аб аблягчэнні візавага рэжыму, з 35 да 60 еўра была прадугледжана выдача бясплатных віз: дзецям да шасці гадоў; школьнікам, студэнтам, магістрантам і настаўнікам, якія іх суправаджаюць, вучоным, якія выязджаюць па праграмах адукацыйнага або навуковага абмену. Консулы краін ЕС маюць права ў асобных выпадках адмяняць або зніжаць консульскі збор, калі гэта прадугледжана нацыянальным заканадаўствам і адпавядае культурным, гуманітарным, знешнепалітычным інтарэсам гэтай краіны.
Еўракамісія таксама матывуе краіны-члены заключаць двухбаковыя пагадненні з краінамі-суседзямі, у тым ліку з Беларуссю, для аблягчэння прыгранічнага супрацоўніцтва. Як зазначае кіраўнік Камісіі ЕС, "мяжа не павінна перашкаджаць гандлю, сацыяльнаму, культурнаму абмену і рэгіянальнаму супрацоўніцтву". Жыхары прыгранічных рэгіёнаў могуць атрымліваць спецыяльныя бясплатныя дазволы, якія дадуць магчымасць ім падарожнічаць без віз. Літва і Польшча вядуць перамовы з Беларуссю аб заключэнні падобных пагадненняў, удакладняе Барозу.
"Нашы намаганні па стварэнні найлепшых умоў для абмену паміж людзьмі, нягледзячы на складанасць нашых адносінаў з Беларуссю, трэба разглядаць менавіта ў гэтым кантэксце", — гаворыцца ў лісце кіраўніка Еўракамісіі, паведамляе БелаПАН.






