Перамовы "шасцёркі" міжнародных пасрэднікаў па вырашэнні іранскай ядзернай праблемы (пяць пастаянных членаў Савета бяспекі ААН і Германія) з сакратаром Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана Саідам Джалілі сталі крокам наперад, заявіў 20 ліпеня іранскі прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад.
19 ліпеня ў Жэневе адбылася сустрэча Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўера Саланы і Джалілі, удзел у якой узялі намеснікі міністраў замежных спраў "шасцёркі" і намеснік дзяржсакратара ЗША Уільям Бернс.
"Любыя перамовы можна расцэньваць як крок наперад", — сказаў журналістам Ахмадзінежад. Паводле яго слоў, перамовы ў Жэневе "таксама можна ацаніць як рух наперад".
Па выніках жэнеўскіх перамоў Салана заявіў, што "шасцёрцы" так і не ўдалося атрымаць ад Ірана зразумелага адказу на свае прапановы па вырашэнні ядзернай праблемы, аднак бакі дамовіліся прадоўжыць дыскусію праз два тыдні. Чакалася, што на нарадзе ў Швейцарыі будзе атрыманы адказ сакратара Савета бяспекі Ірана на перададзеныя краіне ў чэрвені новыя прапановы "шасцёркі".
"Шасцёрка" дабіваецца ад Ірана прыпынення работ па абагачэнні ўрану, якія могуць уяўляць пагрозу рэжыму ядзернага нераспаўсюджвання. Узамен Тэгерану прапанаваны шэраг сумесных эканамічных і тэхналагічных праектаў, у тым ліку ў галіне мірнага атаму, паведамляе БелаПАН.






