Учора на канфэрэнцыі ў Сэйме Літоўскай Рэспублікі абмяркоўваліся праблемы грамадзтва і журналістыкі ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.
Канфэрэнцыю праводзіла парлямэнцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у супрацоўніцтве зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Беларускім Хельсінскім камітэтам і Літоўскім фондам падтрымкі абароны грамадзянаў.
Парлямэнтарый Саўлюс Печалюнас (Saulius PEČELIŪNAS) лічыць Вільню ўжо традыцыйным месцам падобных спатканняў:
- Гэта ўжо стала традыцыяй, што ўсе апазыцыйныя паседжанні, пачынаючы зь першага з'езду Народнага фронту, праходзяць у Вільні, у сябе дома няма ніякіх магчымасцей.
Арганізатары вылучылі дзьве тэмы для гутаркі: “Свабода асацыяцыяў, сходаў і праваабаронцы напярэдадні выбараў” і “Беларуская журналістыка перад выбарамі”. Вынікам дыскусіяў стала прынятая рэзалюцыя, зьмест якой Саўлюс Печалюнас перадаў адным сказам:
- Беларускія журналісты прынялі рэзалюцыю, дзе, у прынцыпе, гаворыцца пра ўшчамленьне свабоды слова на Беларусі.
Беларускі бок прадстаўлялі Жанна Літвіна, Аляксандр Класкоўскі, Гары Паганяйла, Алег Гулак, Алесь Бяляцкі, Алесь Анціпенка, Андрэй Дынько і Сяргей Вазьняк.
Да іх далучыліся два прадстаўнікі беларускай амбасады, якія падрабязна канспэктавалі некаторыя выступленьні.
Саўлюс Печалюнас быў задаволены іхняй прысутнасцю:
- Яны прыбылі проста так, паўдзельнічаць, паназіраць. Мы сказалі: калі ласка, у нас усе мерапрыемствы адкрытыя, няма ніякіх таямніцаў. Мы былі б вельмі радыя, калі б яны таксама ўключыліся ў дыскусію. Таму што справа-такі агульная, няма дзьвюх Беларусей.
Пытанне пра сытуацыю ў Беларусі падымалася днямі ў Парыжы на сустрэчы прадстаўнікоў парлямэнцкіх Камітэтаў па замежных справах Эўразвязу. Старшыня літоўскага КЗС Юсьцінас Каросас заўважыў, што посьпехі палітыкі ізаляцыі Беларусі з боку Эўразьвязу невялікія. На ягоную думку, у бальшыні сваёй усе разумеюць, што аб’ектыўна такая палітыка Эўразьвязу не дала пазытыўных вынікаў. Дэмакратычныя працэсы ў Беларусі пакуль што стаяць на месцы.
Аднак парлямэнтарый Саўлюс Печалюнас не падзяляе гэткай пазыцыі Каросаса:
- Я мушу сказаць, што гэта было ягонае асабістае выказванне, ён ніяк ня мог з такім меркаваннем прадстаўляць увесь камітэт або парлямэнт. Гэта палітыка ізаляцыі некаторых чыноўнікаў, але не беларускага народа. Гэта розныя рэчы. Як вы ведаеце, Літва таксама дабівалася, каб візы Эўразьвязу былі таннейшыя, каб вашы людзі маглі ездзіць і ў Эўразвяз, і ў іншыя краіны. Што Лукашэнка ня можа кудысці ехаць, ці яго не пускаюць – гэта адно пытанне. А калі паспалітыя жыхары хочуць кудысці ехаць – заўсёды калі ласка!
Сяржук Гаўрыленка, Радыё Рацыя, Вільня






