02-05, 16:25

Беларускія зняволеныя памянялі чыфір на марозіва

У МУС заяўляюць, што ў беларускіх калоніях практычна адмовіліся ад ужывання чыфіру – канцэнтраванай заваркі гарбаты, якая валодае псіхаактыўным дзеяннем.

“Асуджаныя ў беларускіх калоніях апошнім часам практычна не чыфіраць. Мы перасталі ім забараняць гэта рабіць, і жаданне чыфірыць у большасці зняволеных знікла”, - заявіў Інтэрфаксу начальнік дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Валерый Яромкін.

Ён таксама паведаміў, што “пераважная большасць зняволеных у выпраўленчых установах рэспублікі працуюць”.

- Варта адзначыць, што зняволеныя жадаюць працаваць. Па-першае, таму, што яны зарабляюць грошы. Бо ў многіх на волі няма сваякоў і блізкіх, якія б ім насілі перадачы. А па-другое, зняволеныя разумеюць, што час у калоніі ідзе хутчэй, калі заняты працай.

Паводле Яромкіна, “асуджаныя працуюць на вытворчасці, на сельгасработах, у турэмных клубах, бібліятэках”.

- Прадукцыя, вырабленая асуджанымі, ідзе на такія буйныя беларускія прадпрыемствы як МАЗ, МТЗ, “Амкадор”. Асуджаныя на турэмных вытворчасцях шыюць вопратку і абутак для спецкантынгента і для супрацоўнікаў унутраных спраў - берцы, камуфляжную форму. Я, да прыкладу, нашу камуфляжную форму, пашытую асуджанымі адной з гомельскіх жаночых выпраўленчых калоній.

Што да кулінарных пераваг асуджаных, генерал-маёр Яромкін паведаміў, што яны вельмі любяць марозіва.

- У турэмных крамах адным з самых хадавых прадуктаў з'яўляецца марозіва. Асуджаныя скупляюць яго торбамі.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя