На 3 чэрвеня ў Нідэрландах прызначанае дасудовае слуханне па справе бізнесоўца Роберта Ян Брэкеля, якога абвінавачваюць у забойстве жонкі, 26-гадовай беларускі Кацярыны Ханяк. Чакаецца, што прысуд будзе вынесены на працягу двух тыдняў пасля пачатку паседжанняў.
Да суду падазраваны, які не прызнае віны, застанецца пад вартай. Падрабязнасці справы аб забойстве беларускі не выдаюцца медыям, вядома толькі, што Брэкеля абараняюць два вядомыя адвакаты, і мясцовая прэса пазначае, што іх паслугі аплачвае сям'я новай сяброўкі бізнесоўца.
Раней Брэкель працаваў на гэтую сям’ю ў Бельгіі, дзе яна трымае сетку публічных дамоў.
Кацярына Ханяк і Роберт Ян Брэкель былі знаёмыя каля аднаго года. У ліпені мінулага года сваякі дзяўчыны звярнуліся з заявай аб яе знікненні. Яе рэшткі былі знойдзеныя паліцыяй сёлета 18 лютага у доме ў Нідэрландах, дзе жанчына жыла з мужам. Цела забітай знаходзілася ў скрыні пад полам і было заліта будаўнічай сумессю.




