У краіне пацярпелi ўжо некалькi прасцякоў, якiя паддалiся на ўгаворы невядомай махляркi наведаць Iерусалiм, i добраахвотна аддалі ёй свае грошы.
На сёння праваахоўнiкам дакладна вядомыя тры факты махлярства, учыненага невядомай, паведамiла оперупаўнаважаная па асаблiва важных справах упраўлення крымiнальнага вышуку Галоўнага ўпраўлення крымiнальнай мiлiцыi МУС Уладлена Харытонава.
Прычым усе яны зарэгiстраваныя на чыгуначных вакзалах - Брэста i Оршы. Пад “чары” жанчыны трапiлi асобы праваслаўнага веравызнання, увагу якiх яна прыцягвала сваёй рэлiгiйнай адукаванасцю, веданнем царкоўных правiлаў i iнфармаванасцю. У прыватнасцi, сваiх ахвяраў яна загаворвала, распавядаючы iм пра цэрквы, што дзейнiчаюць на тэрыторыi Беларусi, пра храмы i манастыры... Калi ж “клiенты” пачыналi “выспяваць”, падыходзiла да галоўнага: маўляў, яна атрымала ў Iерусалiме блаславенне ад старца на збор паломнiкаў для наступнага афармлення iм дакументаў i арганiзацыi паездак на Святую зямлю. Тут бы людзям i ачомацца, аднак... Настойлiвая суразмоўца, якая, дарэчы, прадстаўлялася Евай, гнула сваё далей: быццам бы працуе гiдам Мiнскай епархii. А таму можа заказаць малебен абразу Божай мацi ў Iерусалiме i ажыццяўляць выезды туды з групамi хворых дзетак. Стараннi махляркi не былi марнымi. Прынамсi, сведчанне гэтаму - тыя пацярпелыя, якiя ўручылi ёй грошы на афармленне вiзы, плату за праезд i пражыванне ў Iерусалiме. Зразумела, што пасля “гiд” знiкаў у невядомым напрамку. Пакрыўджаныя людзi, мiж тым, добра запомнiлi дабрадзейку. Паводле iх слоў, на выгляд жанчыне 50-55 гадоў, яна мае моцны целасклад, рост каля 165 сантыметраў i сярэдняй даўжынi фарбаваныя з рыжаватым адценнем валасы. Ёсць у яе i асаблiвая прымета - на правай руцэ адсутнiчаюць пальцы - мезенец i безыменны. // “Звязда”







Каментары