Студэнта гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсітэта імя П.Машэрава Аляксея Мітрафанава, які закідаў яйкамі лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пакараў па артыкуле “дробнае хуліганства” на 70 тысячаў беларускіх рублёў.
Мітрафанаў, які называў сябе нацыянал-бальшавіком, а потым казаў міліцыянтам, што ён чалец БРСМ, нанёс шкоду былому кандыдату на прэзідэнта, калі той быў з планавым візытам у Віцебску і сустракаўся з прадпрымальнікамі на Смаленскім рынку.
Студэнт падскочыў да Аляксандра Мілінкевіча і разбіў на ягонай галаве два яйкі. Праз момант ён быў затрыманы Паўлам Севярынцам, які знаходзіўся побач. Пад час гэтага нападу пацярпелі і вопраткі іншых прысутных, у тым ліку і светлы гарнітур Хрыстафора Жаляпава.
Мітрафанаў адразу заявіў, у тым ліку і супрацоўнікам міліцыі, што пайшоў на гэткі ўчынак наўмысна.
Пра гэты прысуд каардынатар руху на Віцебшчыне Хрыстафор Жаляпаў, які падаваў адпаведную заяву ў міліцыю, даведаўся з тэксту СМС-паведамлення ад самога Мітрафанава праз пэўны час пасьля разгляду справы. У паведамленні было напісана наступнае: “Хрыстафор Савельевіч, далі мне дзве базавых штрафа. Іх-та я аплачу, а вось вам не сорамна за ваш паклёп? Вы ж ведаеце, што ў вас я яйкі не кідаў. Аляксей Мітрафанаў”.
Каментуе Хрыстафор Жаляпаў:
– Мне сказалі, што мяне выклікаюць для разбіральніцтва, але ж я чакаў-чакаў – так і недачакаўся. І сведкі там павінныя былі быць...
Пра тое, як рыхтаваўся гэты напад, Жаляпаў кажа:
– У мяне ёсць адпаведная інфармацыя, што ва ўніверсітэце прапаноўвалі яшчэ і іншым хлопцам зрабіць тое ж самае. Нават ім прапаноўвалі грошы - гэтыя 30 срэбранікаў (на самой справе, гэта і было 30 умоўных адзінак) - за гэткае...
Зараз Жаляпаў вырашае, ці падаваць у суд за матэрыяльную шкоду. Як і ў Мілінкевіча, ягоны гарнітур вельмі моцна сапсаваны, дарагі гальштук, які яму на дзень народзінаў падараваў сын, пайшоў у смецце. Тым больш, прадстаўнікоў дэмакратычнага руху і за меншыя парушэнні асуджаюць да больш жорсткага пакарання.
Алена ГРЫНЯВІЦКАЯ






