Сёння аддзел крымінальнага вышуку міліцыі Гродна шукаў сыноў саветніка ўправы Радыё Рацыя Міколы Маркевіча: Аляксея і Міколу.
Спадар Мікола паведаміў нашаму радыё, што:
- Раніцай раздаўся тэлефонны званок ад чалавека, які прадставіўся супрацоўнікам крымінальнага вышуку Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Юрыем Абрамавым. Гэты чалавек пачаў дамагацца спачатку ад маёй жонкі, а потым ад мяне, нумар тэлефону Аляксея, маўляў, мы хочам паразмаўляць з ім. Я паведаміў, што калі ёсць пытанні да майго сына, то дасылайце павестку. Праз 15 хвілін нейкі капітан прынёс павесткі адразу на абодвух сыноў, якія я адмовіўся ўзяць. У тых павестках, што я бачыў з раніцы, было пазначана, што маіх сыноў выклікаюць у суботу, выходны дзень, у 8:30 гадзін раніцы. У аддзяленне міліцыі. Старэйшага Аляксея выклікаюць у якасці сведкі па крымінальнай справе, без пазначэння сутнасці справы, што, як вядома, з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Сярэдняга Міколу выклікаюць для “апроса”.
Пасля гэтага супрацоўнікі крымінальнага вышуку патэлефанавалі ў радзільнае аддзяленне шпіталя хуткай дапамогі, дзе мая нявестка нарадзіла ўчора дачку. Жонцы сына прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, сказаўшы, што шукаюць яе мужа.
Пасля тэлефанавання ў радзільнае аддзяленне, Аляксей сам патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што ў 18:00 можа забраць павесткі.
Валя Лаеўская, Радыё Рацыя, Беласток




