07-10, 19:10

Раней да месца размеркавання не даязджаў кожны чацвёрты малады спецыяліст

Беларускае тэлеграфнае агенcтва паведаміла, што “падаўляючая большасць”  маладых педагогаў прыбыла на месцы размеркавання.  Каго гэта большасць “падавіла” пакуль не зусім зразумела. Вядома толькі, што 43 чалавекі з мэтавымі накіраваннямі з 824 да месца працы так і не даехалі.

Якое пакаранне панясуць маладыя спецыялісты, аб’явіўшыя байкот дзяржаўнаму размеркаванню?

Беларускі Хельсінскі Камітэт лічыць, што размеркаванне студэнтаў супярэчыць Канстытуцыі ў частцы ўстанаўлення гарантый на бясплатную адукацыю, паколькі з уводзінамі ў заканадаўства нормы аб пакрыцці сродкаў, выданых на навучанне, адукацыя становіцца платнай і, адпаведна,  выпускнікі пазбаўляюцца магчымасці атрымаць адукацыю бясплатна. Атрымліваецца, што пад страхам пакарання студэнты выкарыстоўваюцца як працоўная сіла для патрэб дзяржаўнай эканомікі.

Але па словах старшыні Камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Здановіча, абітурыенты свядома на гэта ідуць, бо пункт пра абавязковае размеркаванне замацаваны ў законе “Аб вышэйшай адукацыі”:

-Гэта ж запісана, што вы маеце права атрымаць бясплатную адукацыю ў вышэйшай  дзяржаўнай установе, калі вытрымаеце конкурс. Гэта першае абмежаванне на атрыманне вышэйшай адукацыі за кошт дзяржаўных сродкаў, а потым другая ўмова: калі адпрацуеце два гады па месцы размеркавання, то гэта будзе цалкам бясплатна.

Пра тое, якія наступствы можа мець ігнараванне студэнтаў дзяржаўнага размеркавання патлумачылі  ў Беларускім Хельсінскім камітэце:

-Ёсць у нас “Палажэнне аб размеркаванні”, дзе напісана, што тыя, хто не з’явіўся па месцы размеркавання, павінны аплаціць поўны кошт навучання. Працэдура адбываеца такім чынам: звесткі пра тых, хто не прыехаў па месцах працы накіроўваюцца ва універсітэт, універсітэт рыхтуе ліст з патрабаваннем добраахвотнага пакрыцця сродкаў у шасцімесячны тэрмін тым студэнтам, што не з’явіліся. Калі студэнт за гэты час не плоціць, то універсітэт падае у суд на узысканне сродкаў за навучанне.

У маладых спецыялістаў, якія не жадаюць аддаваць доўг дзяржаве, ёсць некалькі варыянтаў. Для дзяўчын ёсць варыянт цяжарнасці, для хлопцаў – служба ў арміі.

Тое, што з 824 не прыехала 43 Уладзімір Здановіч лічыць нармальным. Да таго, як быў прыняты новы закон, які абавязаў ствараць адмысловыя камісіі, сітуацыя выглядала зусім па-іншаму:
-Раней, калі гэтага не было, не даязджаў прыкладна кожны чацвёрты малады спецыяліст да месца працы. Кожны чацвёрты, уявіце сабе…Там жа іх таксама чакаюць…І ў горадзе, і ў вёсцы.

Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі мяркуюць, што абавязковае размеркаванне з’ўляецца рэальнай абаронай выпускнікоў, якія ў першыя гады не канкурэнтназдольныя на рынку працы, толькі чамусьці сотні маладых людзей штогод шукаюць магчымасьці гэтага клопату дзяржавы пазбегнуць.

Гражына Вір, Радыё Рацыя, Мінск

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя