03-05, 19:36

МТС можа застацца без яек

3 мая апеляцыйны савет Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці прызнаў несапраўднай рэгістрацыю таварнага знака кампаніі "МТС" з выявай чырвонага яйка.

Такое рашэнне апеляцыйны савет пад старшынствам Наталлі Баркун прыняў па выніках слухання заявы аўтараў мастацкіх твораў "Яйкаквадраты", вядомых дзеячаў беларускай культуры паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. Яны звярнуліся ў цэнтр 10 кастрычніка 2007 года з пярэчаннямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі таварнага знака № 25.420 з выявай чырвонага яйка ў белым квадраце. 

Заяўнікі не сумняваліся ў сваёй слушнасці, зазначыла адвакат Надзея Буднік, якая з'яўляецца прадстаўніком В.Маркаўца. Паводле яе слоў, пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння, на складанне якой законам даецца два месяцы, кампанія "МТС" можа абскардзіць вердыкт у судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда.

Нагадаем, 16 кастрычніка 2007 года суддзя судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Віктар Коўшун пакінуў без задавальнення іск аб абароне аўтарскага права В.Маркаўца і А.Разанава. Гэта грамадзянская справа была распачата 16 жніўня 2007 года пасля таго, як Маркавец і Разанаў — аўтары мастацкага праекта "Яйкаквадраты", створанага імі ў 1992 годзе і ўпершыню выкананага ў жывапісных творах, запатрабавалі прызнання і апублікавання ў СМІ факту парушэння аўтарскіх правоў у дачыненні да свайго праекта, што выявілася ў незаконных пераробках арыгінальных твораў і далейшым іх выкарыстанні.

З вясны 2006 года "Яйкаквадраты" сталі прымяняцца ў выяве таварнага знака кампаніі "МТС", якая 10 ліпеня 2007 года афіцыйна зарэгістравала свой брэнд на тэрыторыі Беларусі.

8 мая ў 9.30 апеляцыйны савет агучыць рашэнне па другой заяве аўтараў "Яйкаквадратаў", якія ў кастрычніку 2007 года звярнуліся ў цэнтр з пярэчаннямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі другога таварнага знака, № 25.419, з выявай белага яйка ў чырвоным квадраце. //БелаПАН


 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя