19-08, 14:12

Галоўным інжынерам будучай беларускай АЭС стаў расійскі спецыяліст

Галоўным інжынерам будучай беларускай АЭС стаў расійскі спецыяліст. Пра гэта паведаміў 19 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску інжынер дырэкцыі будаўніцтва АЭС Уладзімір Петрушкевіч.

Паводле яго слоў, у дырэкцыі новы спецыяліст працуе з 18 жніўня. "Яго стаж працы на атамных станцыях Расіі —  прыблізна 25 гадоў, ён прайшоў усе пасады пачынаючы ад аператара", — падкрэсліў У.Петрушкевіч. Прадстаўнік дырэкцыі не стаў называць прозвішча і месца папярэдняй працы галоўнага інжынера будучай АЭС, адзначыўшы толькі, што ў найбліжэйшы час ён будзе прадстаўлены журналістам.

Паводле слоў Петрушкевіча, на адказныя пасады першага блока беларускай АЭС плануецца запрасіць 70—80 спецыялістаў з-за мяжы. "Да нас звяртаюцца шмат спецыялістаў. Для забеспячэння функцыянавання АЭС графік запрашэння людзей будзе ажыццяўляцца з апераджэннем будаўніцтва. Цяпер з імі ідуць перамовы", — сказаў прадстаўнік дырэкцыі.

Згодна з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў, зазначыў Петрушкевіч, да 2014 года, не пазней як за два гады да ўводу станцыі ў эксплуатацыю (першы блок плануецца ўвесці ў 2016 годзе), павінен быць набраны ўвесь персанал АЭС. "Існуе графік апераджальнага набору, дзе па гадах, па розных этапах будаўніцтва вызначана, якія спецыялісты патрэбны для будучай АЭС", — сказаў інжынер дырэкцыі.

У.Петрушкевіч паведаміў, што для ўводу першага блока неабходна набраць 1,2 тыс. чалавек, а ўсяго на двух блоках беларускай АЭС будуць працаваць прыблізна 2 тыс. спецыялістаў, паведамляе БелаПАН.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя