Вытворчасць цэменту ў Беларусі ў студзені—ліпені гэтага года павялічылася на 9% у адносінах да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года і склала 2 млн. 406,6 тыс. тон. У ліпені было выпушчана 394,2 тыс. тон (на 0,6% больш, чым у чэрвені 2008 года, і на 4,3% — чым у ліпені 2007 года).
Паводле звестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, запасы цэменту на 1 жніўня склалі 61,4 тыс. тон, або 17,9% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, і павялічыліся ў параўнанні з узроўнем такога ж перыяду 2007 года ў 3,5 разу.
Да 2010 года вытворчасць цэменту ў Беларусі плануецца павялічыць да 9,5 млн. тон. У 2007 годзе было выпушчана 3 млн. 820,5 тыс. Цэмент вырабляюць тры прадпрыемствы: "Крычаўцэментнашыфер", Беларускі цэментны завод і "Краснасельскбудматэрыялы". У 2008 годзе ў краіне плануецца пачаць будаўніцтва трох новых цэментных заводаў.
Паводле звестак Мінстата, за сем месяцаў 2008 года аб'ём вытворчасці будматэрыялаў у Беларусі павялічыўся на 14% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. У грашовым выражэнні гэты паказчык склаў 2 трлн. 573,1 млрд. рублёў.
Павелічэнне вытворчасці адбылося па ўсіх відах прадукцыі, акрамя керамічнай пліткі для падлогі. Яе выраблена 4 млн. 825,9 тыс. кв. метраў (на 0,5% менш).
З пачатку гэтага года выраблена: 2 млрд. 580,8 млн. штук умоўнай цэглы сценавых матэрыялаў (на 10,7% больш); 12 млн. 105 тыс. куб. метраў нярудных будматэрыялаў (на 12,2%); 8 млн. 895,9 тыс. кв. метраў керамічнай пліткі для ўнутранай апрацоўкі сцен (на 24,8%); 250,3 тыс. тон сухіх будаўнічых сумесей (на 32,7%); 122,2 млн. умоўных плітак шыферу (на 12%); 729,7 тыс. санітарных керамічных вырабаў (на 18,8%).
Запасы нярудных будматэрыялаў на 1 жніўня склалі 3 млн. 701 тыс. куб. метраў, што ў 2,1 разу больш за сярэднямесячную вытворчасць (на 4,4% менш, чым на 1 жніўня 2007 года). Сценавых будматэрыялаў назапашана 24,2% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, ці 89,4 млн. шт. умоўнай цэглы (у тры разы больш за леташні паказчык), паведамляе БелаПАН.







Каментары