27-08, 10:19

Увод энергаўстановак на мясцовых відах паліва трэба прыспешыць

6 жніўня прэзідыум Савета міністраў Беларусі разгледзеў вынікі працы па энергазберажэнні ў першым паўгоддзі 2008 года. Як зазначыў на пасяджэнні прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, у краіне выкарыстаны далёка не ўсе рэзервы па зніжэнні выдаткаў на выпрацоўку электраэнергіі. Ён запатрабаваў ад Мінэнерга выканання графікаў па мадэрнізацыі аб'ектаў энергетыкі.

Кіраўнік урада запатрабаваў ліквідаваць адставанне ў рэалізацыі праграмы ўвода энергаўстановак, якія выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, — за паўгода выканана толькі чвэрць гадавога задання. У сувязі з гэтым цяпер рэгіянальным энергетыкам давядзецца за два месяцы, што засталіся да пачатку ацяпляльнага сезона, увесці ў эксплуатацыю больш за 200 котлаагрэгатаў.

Паводле слоў дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Леаніда Шанца, з пачатку года ўзведзена толькі 70 котлаагрэгатаў. "Гэтага вельмі недастаткова, — зазначыў ён. — І улічваючы тое, што час абмежаваны, прэм'ер у жорсткай форме даручыў графікі перагледзець, каб да пачатку ацяпляльнага сезона рэгіёны рэалізавалі гэту праграму".

Асабліва шмат крытыкавалі на пасяджэнні Брэсцкую вобласць. Паводле інфармацыі Л.Шанца, практычна ўсе котлаагрэгаты ў регіёне набылі. "Прычына таго, што не паспелі: не была своечасова распрацавана праектная дакументацыя, не прайшла экспертызу. З-за гэтага такое значнае адставанне", — сказаў ён, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя