27-08, 10:31

Для будаўніцтва энергетычных аб'ектаў патрэбны замежныя рэсурсы

Беларусі трэба прыцягваць замежныя рэсурсы для будаўніцтва энергетычных аб'ектаў. Такое меркаванне выказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч 26 жніўня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, дзе абмяркоўваліся вынікі працы па энергазберажэнні ў першым паўгоддзі 2008 года.

- Чаму мы не можам прыцягваць у энергетыку замежныя рэсурсы? Чаго баяцца, калі ёсць тыя, хто жадае працаваць у гэтай сферы, трэба аддаваць, няхай будуюць, — цытуе П.Пракаповіча прэс-служба ўрада. На думку кіраўніка Нацбанка, не вырашыўшы задачу энергаэфектыўнасці глабальна, краіна "заўсёды будзе адставаць".

Кіраўнік Нацбанка заклікаў больш актыўна выкарыстоўваць малую энергетыку, нетрадыцыйныя крыніцы энергіі: энергію ветру, біягаз, геатэрмальныя воды. Пакуль гэта тэма знаходзіцца "на стадыі размоў", лічыць П.Пракаповіч. "Мы дакладна павінны ведаць прыродныя магчымасці краіны і максімальна іх выкарыстоўваць", — падкрэсліў галоўны банкір краіны.

На думку Пракаповіча, шмат рэзерваў па скарачэнні спажывання энергіі тоіцца ў будаўніцтве жылля. У гэтай галіне ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца неэфектыўныя тэхналогіі. "Пры гэтым ведамствы, якія адказваюць за будаўніцтва, ківаюць адзін на аднаго і не нясуць поўнай адказнасці за збудаванне энергаэфектыўнага жылля. Пакуль такія праблемы не будуць вырашаны, мы заўсёды будзем адчуваць адставанне ў развіцці эканомікі", — зазначыў П.Пракаповіч, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя