03-05, 17:14

У Брэсце пройдзе сустрэча з рэжысёрам Валерыем Мазынскім

Заўтра ў памяшканні Брэсцкай суполкі Партыі БНФ адбудзецца творчая сустрэча з вядомым тэатральным рэжысёрам Валерыем Мазынскім.

Валерый Мазынскі быў галоўным рэжысёрам Беларускага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску, многія з пастаўленых ім спектакляў сталі з’явамі ў тэатральным жыцці – “Званы Віцебску” і “Кастусь Каліноўскі” паводле Уладзіміра Караткевіча, “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа, “Вечар” і “Парог” Аляксея Дударава ды іншыя.

Ад 1991 года Мазынскі ў Мінску ставіць спектаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладае рэжысуру ў Беларускім тэатральн-мастацкім інстытуце. Ён стварыў тэатр-лабараторыю беларускай драматургіі “Вольная сцэна”, кіраўніком якога быў восем гадоў. “Вольная сцэна” была закрытая ўладамі, як сведчаць тэатразнаўцы, фактычна з прычыны няўгоднасці рэпертуарнай палітыкі і атмасферы беларускасці.

Апошні свой спектакль паводле Максіма Горкага “На дне” Валерый Мазынскі паставіў у камеры турмы на Акрэсціна, дзе адбываў 10-суткавы арышт пасля затрымання на падыходзе на Кастрычніцкай плошчы летась 20 сакавіка.

У тандэме з польскім калегам Дарыюшам Шадай на Беласточчыне зняў тэлефільм “Тутэйшыя” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы для тэлеканала “БелСат”.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя