Вядомы рэжысёр Уладзімер Колас прэзентаваў сваю стужку на зямлі, якая, па ягоных словах, пасля роднага Мінску для яго ёсць найбольш блізкай. Тут, у Чашніцкім раёне, ён пачынаў сваю настаўніцкую працоўную дзейнасць. Тут, у вёсцы Германавічы, жыве гераіня ягонага фільма – былая вязніца гета, былая выкладчыца рускай мовы і літаратуры, а зараз пенсіянерка, якая разам з мужам і сям’ёй сына цягне цяжкую фермерскую гаспадарку, Ада Эльеўна Райчонак.
Першапачатковую назву фільма “Маці пленэраў” творчы калектыў памяняў на “Галерэю Ады” таму, што стужка атрымалася не толькі пра знаную дзеячку беларускага Адраджэння, якая разам са сваім рана памерлым сынам, пісьменнікам і этнографам Міхасём Райчонкам, заснавала Культурна-асветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча і распачала цыкл унікальных пленэраў, прысвечаных выбітным дзеячам Беларусі.
Гледачы могуць пабачыць натуральную галерэю вясковых тыпаў, людзей вельмі далёкіх ад культуры, многія з якіх на вачах мяняюцца пад уплывам мастацкай творчасці, падымаюцца над прыніжаным амаль да жывёльнага стану жыццём беларускай глыбінкі. І ў гэтым ёсць сэнс падзвіжніцтва Ады Райчонак, стваральніцы чатырох музэяў, у тым ліку і багатага экспанатамі Этнаграфічнага імя Язэпа Драздовіча, у экспазіцыі якога знаходзяцца сабраныя па навакольных мястэчках і вёсках творы выбітнага мастака, пісьменніка і краязнаўцы. Асаблівы гонар стваральніцы і цікавасць наведвальнікаў выклікае ўнікальная для рэспублікі прыватная вясковая мастацкая галерэя.
На прэмьеру фільма, які пакуль ў Беларусі прэзентаваўся адно ў Мінску, сабраліся гледачы з розных куткоў Віцебшчыны. Сэанс завяршыўся доўгімі ўдзячнымі воплескамі, а падчас абмяркавання некаторыя не маглі стрымаць слёз.
Трансляцыю стужкі на “БелСаце”, па замове якога яна і здымалася, паглядзелі многія землякі Ады Райчонак. Як кажа гераіня фільму, успрыманне неадназначнае. Але зацікаўленасць вельмі вялікая. Галоўнае, лічыць яна, каб пад уплывам мастацтва людзі станавіліся лепшымі.
Алена ГРЫНЯВІЦКАЯ






