28 жніўня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўвяло ў абарачэнне 16 паштовых марак з серыі "Дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь", паведамілі БелаПАН у выдавецкім цэнтры "Марка" РУП "Белпошта".
Маркі з элементамі абароны наміналам 1 тыс. рублёў кожная надрукаваны ў малых лістах накладам 35 тыс. асобнікаў. На кожным лісце — па восем марак і два купоны. Аўтарамі серыі з'яўляюцца дызайнеры Іван Лукін і Алег Гайко.
На філатэлістычных мініяцюрах прадстаўлены ордэны ("За асабістую мужнасць", "Вайсковай славы", "Айчыны" трох ступеняў, "За службу Радзіме" трох ступеняў, "Дружбы народаў", "Пашаны", "Францыска Скарыны" і "Маці"), а таксама медалі ("За адзнаку ў вайсковай службе", "Героя Беларусі", "За адвагу", "За працоўныя заслугі", "За бездакорную службу" трох ступеняў, "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку", "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы" і "Францыска Скарыны").
Да дня выхаду марак у абарачэнне па эскізе І.Лукіна выраблены спецыяльны штэмпель і мастацкі канверт першага дня, надрукаваны накладам 5 тыс. асобнікаў. 28 жніўня на Мінскім паштамце адбудзецца памятнае гашэнне марак на канверце першага дня, паведамляе БелаПАН.






